— Я не ведаю, беспілотнік гэта быў ці не, — апісвае суразмоўніца. — На што быў падобны гук? Ну, нібыта лопнула кола — толькі зусім блізка і гучна.
— Якая была рэакцыя?
— Ды ніякая. Я спала і чула ўсё скрозь сон.
— Не страшна?
— Ну, як сказаць... Тут кожны дзень страшна і пасля кожнай навіны.
Навіна пра тры расійскія "Шахеды", якія 3 кастрычніка заляцелі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны, з'явілася ў тэлеграм-канале “Беларускі Гаюн”.
“Два дроны-камікадзэ скіроўваліся ў бок Гомеля, яшчэ адзін увайшоў у Беларусь у раёне Лоева і скіраваўся ў бок Хойнікаў”.
Раней тамсама пісалі пра "Шахед", які зваліўся меркавана ў раёне Калінкавічаў.
Некалькі мясцовых крыніц пацвердзілі Еўрарадыё, што чулі гучны гук ранняй раніцай — "дзесьці на выездзе з Калінкавічаў у бок Гомеля".
У горадзе кажуць, што "збівалі нейкі дрон".