Нямеччына адзначае Дзень адзінства

Нямеччына адзначае Дзень адзінства

Нямеччына адзначае 3 кастрычніка Дзень адзінства — гэтае свята прымеркаванае да чарговых угодкаў аб’яднання ГДР і ФРГ, якое адбылося ў 1990 годзе. З нагоды свята немцы ладзяць народныя гулянні і фэсты, а таксама адбываюцца афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў вышэйшай улады краіны.

Аб’яднанне Нямеччыны звязваюць з падзеннем Берлінскага муру — сімвалічнай акцыяй, якая прайшла 9 лістапада 1989 года. Аднак калі выбіралі дату для святкавання Дня адзінства, то вырашылі прызначыць для гэтага іншы дзень — 3 кастрычніка, бо 9 лістапада звязанае з некаторымі змрочнымі старонкамі нямецкай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень, у 1923 годзе ў Нямеччыне адбыўся “Піўны путч” — спроба дзяржаўнага перавароту, учыненая Адольфам Гітлерам і яго паплечнікамі, а ў ноч на 10 лістапада 1938 года па Нямеччыне прайшлі габрэйскія пагромы. Таму святкаванне Дня адзінства перанеслі на 3 кастрычніка — дзень, калі дзве часткі краіны аб’ядналіся юрыдычна.

Сёлета цэнтрам святкаванняў стаў Франкфурт-на-Майне. Тут пройдзе каля 300 мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейнай гадавіне. Чакаецца, што імпрэзы наведае каля мільёну чалавек, інфармуюць замежныя СМІ.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі