Офіс Ціханоўскай перадаў Польшчы і краінам Балтыі прапановы па пропуску аўто
Мяжа, ілюстрацыйнае фота
Офіс Святланы Ціханоўскай правёў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. На ёй абмяркоўваліся свежыя абмежаванні на перамяшчэнне праз мяжу, звязаныя з санкцыямі ЕС.
Прадстаўнікі Офіса перадалі дыпламатам прапановы пра выключэнні, якія б дазволілі беларусам ездзіць праз мяжу на сваіх аўтамабілях. Як піша дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, Офіс намагаецца, каб гэтыя выключэнні былі максімальна шырокімі.
"Мы перадалі свае прапановы па выключэннях. Нашая задача — каб выключэнні былі максімальна шырокія ў межах прававой рамкі, якую мы маем. Аўтобусны рух захоўваецца, цяпер у Вільню курсіруе каля 25 аўтобусаў на дзень. Што да перарэгістрацыі машын — то цяпер працэдура дастаткова простая, але толькі для ўласнікаў ВНЖ", — піша ён.
Ад пачатку ліпеня аўтамабілі з беларускімі нумарамі перасталі пускаць у Латвію і Эстонію. Аналагічныя меры (з адтэрміноўкай да 18 жніўня) уводзіць Літва. Польшча прапускае беларускія аўтамабілі, калі ў салоне ёсць уласнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.