"ОК, Дзмітрыч" — у калоніі, пакуль можна было размаўляць, Бабарыку звалі гуглам
Віктар Бабрыка / БЕЛТА
З лістапада 2023-га года пра былога старшыню праўлення "Белгазпрамбанка" палітвязня Віктара Бабарыкі няма ніякай інфармацыі. Мінулай восенню адзін са зняволеных бачыў яго ў калідоры ПКТ. "Белсат" публікуе расказ яшчэ аднаго палітвязня, які вызваліўся з Наваполацкай калоніі, дзе меркавана знаходзіцца Бабарыка.
"У пачатку 2024 года да мяне дайшла не стоадсоткавая інфармацыя, што ў калоніі Віктара Бабарыкі няма. Нібыта прыехалі людзі ў масках без апазнавальных знакаў, пагрузілі яго і павезлі. Прычым калі везлі, я збіраўся выходзіць са сталоўкі, але ўсім забаранілі. Мы стаялі і не разумелі, што адбываецца. У якім кірунку яго павезлі, ці вярнулі яго, дзе ён, ніхто не ведае", — расказвае мужчына. У публікацыі яго называюць Анатолем. Са слоў мужчыны, была версія, што Бабарыку павезлі з калоніі, каб прывесці ў парадак перад судом над ягоным сынам Эдуардам. Але на тым працэсе экс-банкір так і не з'явіўся. Анатоль адзначае, што раней на кожных дзвярах у ШІЗА вісела картка з прозвішчам зняволенага ў гэтай камеры. У выніку, "калі цябе вялі, можна было прачытаць, хто твой сусед". Але пасля збіцця Бабарыкі вясной 2023-га карткі перавярнулі адваротным бокам, і "цяпер незразумела, хто сядзіць у камеры", кажа былы палітвязень.
"З усімі на "вы", стараўся заўсёды ўсміхацца, вітаўся за руку"
Анатоль расказвае, што калі Бабарыку толькі прывезлі ў калонію, размаўляць з ім было забаронена. Пры гэтым сам экс-банкір "ведаў сабе цану" і не паддаваўся на ціск.
"Калі ішоў Пальчык [Андрэй Пальчык — начальнік ПК № 1 з 2017 да 2023 года], усе хорам крычалі: "Здра-а-а-сце!" Дзмітрыч пры гэтым нават не варушыўся. < ... > Пры гэтым з астатнімі зэкамі быў вельмі ветлівы і далікатны. З усімі на "вы", стараўся заўсёды ўсміхацца, вітаўся за руку. Гэта вельмі разумны і годны чалавек", — кажа Анатоль. Паводле яго слоў, у нейкі момант забарона на зносіны з Бабарыкам аслабла, зняволеныя пачалі з ім актыўна размаўляць. "Яго тут жа мясцовым "гуглам" назвалі. Ёсць каманда "ОК, гугл", а ў калоніі была "ОК, Дзмітрыч". У яго галаве — банк ведаў", — успамінае Анатоль.
Быццам далі каманду зверху "максімальна ўзмацніць жорсткасць рэжыму ўтрымання"
Вытворчасць вугалю, на якую Бабарыку перавялі ў лістападзе 2022 года — гэта адна з самых дрэнных і брудных работ на зоне, адзначае былы палітвязень. І калі раней на зіму гэтую вытворчасць у калоніі закрывалі, то дзеля Віктара Бабарыкі пакінулі, а "сеткавы плот на "вугалі" праз яго замянілі на металічны без прасветаў". Акрамя таго, з'явілася яшчэ адно новаўвядзенне. "Каб кантралёры і наглядчыкі на вышцы былі заўсёды напагатове, калі ён заходзіць і выходзіць кудысьці, на браму ўсталявалі сірэну. І як толькі яна адчынялася, то пачынала раўці на ўсю калонію. Людзі ў бараках прачыналіся і ўскоквалі сярод ночы", — расказвае Анатоль.
З лютага 2023 года стаўленне да Бабарыкі яшчэ мацней пагоршылася. Быццам далі каманду зверху "максімальна ўзмацніць жорсткасць рэжыму ўтрымання". Да экс-банкіра перасталі пускаць адваката. Яго бясконца ганялі ў ШІЗА. Зрабілі так, каб ён застаўся без магчымасці купіць што-небудзь у краме.
У ліпені 2021 года суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Віны ён не прызнаў, назваў справу палітычна матываванай. У сваім апошнім слове ў судзе ён заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.