Пад Асіповічамі можа быць створаны склад для захоўвання ядзерных боегаловак
Ракета для комплексу "Іскандэр"
Склад каля горада Асіповічы мадэрнізаваны і абсталяваны дадатковымі перыметрамі бяспекі. Гэта паказвае на тое, што яго могуць выкарыстоўваць для размяшчэння расійскіх ядзерных боегаловак, лічаць у Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў (FAS). Раней, нагадаем, Расія паставіла ў Беларусь ракетныя ўстаноўкі "Іскандэр", здольныя несці такія зарады.
Летась у сетку трапілі сакрэтныя дакументы ЦРУ. Сярод іх было і паведамленне ведамства ад лютага 2023 аб тым, што "старэйшы афіцэр Міністэрства абароны Расіі праінспектаваў аб'ект у наваколлях Асіповічаў на прадмет магчымай мадэрнізацыі". У ЦРУ тады выказалі здагадку, што гэты склад будзе служыць "сховішчам ядзерных боегаловак у Беларусі".
На спадарожнікавых здымках кампаніі Maxar Technologies бачна, што частка дэпо каля Асіповічаў з тых часоў была мадэрнізавана і абсталявана перыметрам бяспекі, а таксама крытай ахоўнай кропкай доступу. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што будаўнічыя работы на аб'екце супалі з меркаваным візітам расійскага чыноўніка. На здымку Maxar, зробленым у студзене 2024 года, відаць, што ўжо створаны чатыры перыметры бяспекі. Мадэрнізацыя нагадвае "узровень фізічнай абароны, які расійскія ўлады запатрабуюць для захоўвання ядзернай зброі", мяркуюць у FAS.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.