Палітычны крызіс у Арменіі: што адбываецца і з чаго пачалося
Пратэсты ў Арменіі / jam-news.net
25 лютага Генштаб армянскай арміі выступіў з заявай, дзе заклікаў да адстаўкі Нікола Пашыняна. Пашынян назваў гэты крок "вайсковым пераваротам" і заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца на плошчы Рэспублікі ў Ерэване. Таксама ён заклікаў вайскоўцаў выконваць канстытуцыю краіны і заявіў: "Удзел арміі ў палітычных працэсах недапушчальны".
Прычынай для канфлікту паміж Генштабам і прэм'ер-міністрам Пашынянам сталі "Іскандэры". Днямі ў адным з інтэрв'ю Пашынян заявіў, што "Іскандэры", якія ёсць у Арменіі, пры выкарыстанні не ўзарваліся або ўзарваліся толькі на 10%".
Першы намеснік кіраўніка Генштаба Хачатран назваў гэтыя заявы "несур'ёзнымі": "Не ведаю, хто што сказаў, але гэта немагчыма". Неўзабаве прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян звольніў першага намесніка начальніка Генштаба Тырана Хачатрана.
Генштабу гэта не спадабалася. Расказваем, што было далей.
Заява Генштаба
Неўзабаве пасля звальнення Хачатрана афіцэры Генеральнага штаба ўзброеных сіл Арменіі запатрабавалі адстаўкі ўрада і прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна.
У заяве выказаны пратэст у сувязі з неабачлівым і неабгрунтаваным звальненнем. У Генштабе палічылі, што яно было ажыццёўлена без уліку нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў Арменіі і заснавана на асабістых і амбіцыйных эмоцыях:
"У такі складаны для краіны час падобнае рашэнне — антыдзяржаўны і безадказны крок", — гаворыцца ў заяве, пад якой падпісаліся кіраўнік Генштаба, яго намеснікі і камандуючыя.
Першая рэакцыя Пашыняна: "Заяву Генштаба лічу спробай ваеннага перавароту"
"Усіх нашых прыхільнікаў проста цяпер запрашаю на плошчу Рэспублікі. У найбліжэйшы час звярнуся да грамадскасці ў жывым эфіры", — напісаў у сваім акаўнце ў фэйсбуку Нікол Пашынян.
Рэакцыя Крамля: "З трывогай назіраем"
"Мы з трывогай назіраем за развіццём сітуацыі ў Арменіі. Мы лічым гэта выключна ўнутранай справай Арменіі — нашага вельмі важнага і блізкага хаўрусніка на Каўказе", — пракаментаваў Пяскоў падзеі ў Арменіі.
Апазіцыя заклікае народ на плошчу
У адказ на заклікі Пашыняна выйсці на плошчу Рэспублікі апазіцыйны "Рух у абарону Радзімы" абвяшчае пра правядзенне мітынгу на плошчы Свабоды ў той жа час, на які прызначаны мітынг Пашыняна.
"Мы заклікаем наш народ, усіх грамадзян, заклапочаных выратаваннем Радзімы, сабрацца на плошчы Свабоды, каб выказаць нашу падтрымку нашым Узброеным сілам, нашай армянскай арміі і завяршыць справу па прыбіранні здрадніцкага ўрада і Пашыняна".
Другая рэакцыя Пашыняна
Пашынян, выйшаўшы да ўдзельнікаў стыхійна скліканай ім жа акцыі, прызнаў, што заява пра пагрозу ваеннага перавароту была эмацыйнай.
Ён адзначыў, што ўзброеныя сілы падпарадкоўваюцца народу і прэм'еру, іншага варыянта няма, і аддаў загад салдатам, афіцэрам і генералам арміі займацца сваёй справай: аховай межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны:
"У якасці абранага народам Арменіі прадстаўніка, прэм'ер-міністра Арменіі мой загад усім салдатам, афіцэрам, генералам УС: спадары, займайцеся сваёй справай, аховай межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі. Гэта мой загад, і ніхто не можа адважыцца парушыць яго".
Генштаб настойвае
Генеральны штаб узброеных сіл Арменіі зноў выступіў з заявай, настойваючы на адстаўцы прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна:
"Распаўсюджаная раніцай 25 лютага заява Генштаба УС РА не была накіравана з боку каго-небудзь і не была зроблена пад чыім-небудзь ціскам. Гэта дакладнае перакананне і пазіцыя генералаў і афіцэраў, мэта якіх адна — служыць выратаванню Радзімы ў гэты адказны момант. Мы зноў пацвярджаем нашу пазіцыю".
Прэзідэнт Арменіі: "Арменія і Арцах стаяць перад мноствам праблем"
Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян звярнуўся з заклікам да суайчыннікаў у сувязі з абвастрэннем унутрыпалітычнай сітуацыі:
"Сёння, калі мы яшчэ не пераадолелі наступствы развязанай супраць Арцаха вайны, калі ў нас тысячы ахвяр і параненых, калі ёсць сур'ёзныя рэгіянальныя пагрозы, мы, на жаль, зноў знаходзімся ў вельмі небяспечнай сітуацыі, якая тоіць у сабе небяспеку непрадказальных наступстваў для нашай дзяржавы і дзяржаўнасці і можа прывесці да незваротных страт".
Адзначыўшы, што ў краіне дзейнічае ваеннае становішча, Саркісян падкрэсліў, што знешняя небяспека рэальная: заява аб спыненні агню — гэта не мірная дамова, "Арменія і Арцах стаяць перад мноствам праблем".
Апазіцыя пагражае заставацца на плошчы, пакуль Пашынян не сыдзе
Лідары апазіцыі заявілі, што акцыя можа працягнуцца доўга, і не выключылі, што давядзецца начаваць на плошчы. Вось умова, якую апазіцыя гатовая абмяркоўваць з прэм'ер-міністрам Ніколам Пашынянам:
"Мы гатовыя сустрэцца з ім з адным парадкам дня і па адным пункце — хуткі і без узрушэнняў сыход з пасады. Мы пакідаем яму гэты калідор і гэту магчымасць. Грамадзянскіх сутыкненняў не павінна быць, ён павінен напісаць заяву, падаць у адстаўку і сысці".
Апазіцыйныя фракцыі склікалі пасяджэнне Нацыянальнага Сходу, каб абмеркаваць магчымасць зняцця ваеннага становішча ў краіне.
Што кажуць эксперты?
Палітолаг, эксперт па Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў лічыць, што патрабаванне армянскага генералітэту аб адстаўцы прэм'ера Нікола Пашыняна пакуль выглядае толькі сведчаннем таго, што яго аўтарытэт у краіне імкліва падае:
"На постсавецкай прасторы няма прэцэдэнтаў ваенных пераваротаў, таму патрабаванне армянскага генералітэту аб адстаўцы прэм'ера Нікола Пашыняна пакуль выглядае толькі сведчаннем таго, што яго аўтарытэт у краіне імкліва падае.
Не надта прафесійныя заўвагі Пашыняна ў дачыненні да эфектыўнасці расійскіх ракетных комплексаў "Іскандэр" выглядаюць выпадам не толькі ў адрас Масквы, але могуць падацца абразлівымі і ў адносінах да армянскіх вайскоўцаў, якія сталі найбольш уразлівай часткай армянства пасля леташняй паразы ў вайне з Азербайджанам.
Такі сур'ёзны палітычны промах Пашыняна можа кардынальна ўзмацніць пазіцыі армянскай апазіцыі, якая даўно ўжо патрабуе ягонай адстаўкі. Ці зможа прэм'ер-міністр Арменіі, які яшчэ нядаўна быў улюбёнцам армянскай "вуліцы", зноў вывесці яе на плошчу ў сваю падтрымку, інакш кажучы, яшчэ раз увайсці ў тую самую ваду".
Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае розніцу паміж дзеяннямі армянскай арміі і беларускай ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне:
"Чаму ў Арменіі войска (у выглядзе генштаба) падтрымала народныя пратэсты і запатрабавала адстаўкі Нікола Пашыняна, а ў Беларусі войска, як паказаў судовы працэс у Брэсце, актыўна ўдзельнічала ў задушэнні народных пратэстаў?
Прычын шмат. Абазначу толькі некалькі.
Арменія ўжо 30 гадоў знаходзіцца ў стане вайны. Таму войска аб’ектыўна мае значную палітычную вагу.
Да таго ж Арменія ў канцы мінулага года пацярпела цяжкую ваенную паразу ў вайне з Азербайджанам. Што мела сваімі наступствамі глыбокую нацыянальную траўму. І хтосьці за гэта павінен адказаць.
У Арменіі палітычная сістэма адносна дэмакратычная. Краіна перажыла ў 2018 годзе пераможную "каляровую рэвалюцыю", якая лішні раз паказала, што народ — суб’ект палітыкі.
Нічога гэтага ў Беларусі няма. Дзякаваць богу, краіна жыве без вайны. Тут усе дзяржаўныя інстытуты — усяго толькі інструменты ў руках Лукашэнкі. Ніякай самастойнай ролі яны не маюць. Яны — вінцікі сістэмы. А вінцікі не могуць быць самастойным суб’ектам".
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.