Польшча спыніла выдачу гуманітарных віз, пра якія хадайнічаў Беларускі Дом

Кіраўнік "Беларускага Дома" Алесь Зарэмбюк

Кіраўнік "Беларускага Дома" Алесь Зарэмбюк

1507 чалавек атрымалі сёлета польскія гуманітарныя візы па хадайніцтве Беларускага Дома ў Варшаве. Але з верасня выдача такіх віз спынілася. Пра гэта "Позірку" паведаміў кіраўнік арганізацыі Алесь Зарэмбюк.

Паводле яго слоў, якія перадае Радыё "Свабода", раней гуманітарную візу пад гарантыі Беларускага Дома выдавалі беларусам, пацярпелым ад рэпрэсій, цягам двух тыдняў — паўтара месяца. Ад пачатку восені польскае МЗС не задаволіла ніводнае з 188 хадайніцтваў, пададзеных Беларускім Домам.

Зарэмбюк кажа, што пасля парламенцкіх выбараў Беларускі Дом атрымаў з МЗС неафіцыйную інфармацыю, што консульскі аддзел чакае новых рэкамендацый, таму прыпыніў выдачу гуманітарных віз.

Праблему з візамі ён называе універсальнай. З ёй сутыкаюцца беларусы не толькі ў Польшчы. "Наша арганізацыя чакае новых рэкамэндацый ад польскага МЗС у дачыненні да візаў рэпрэсаваным беларусам. Хутчэй за ўсё, пасля выбараў будзе сфармаваны новы ўрад, і ён будзе прымаць рашэнне па крытэрах і тэрмінах выдачы дазвольных дакументаў для беларусаў", — мяркуе Зарэмбюк.

Ён падкрэслівае, што Беларускі Дом дапамагаў толькі пацярпелым ад рэпрэсій, іх сем'ям, а таксама тым, каму заставацца ў Беларусі было небяспечна: "Гэта патрабавалася даказаць, падаўшы альбо дакументы, якія пацвярджаюць факт рэпрэсій, альбо фота заяўніка з пратэстаў, альбо дзве рэкамендацыі ад вядомых людзей, якія маглі б апісаць праблему і гарантаваць факты рэпрэсій. Усяго ў 2023 годзе да нас звярнуліся 2642 чалавекі з адпаведным хадайніцтвам. Такім чынам, больш за тысячу чалавек не змаглі даказаць пагрозу з боку беларускіх уладаў або факт рэпрэсій".

Цяпер, па словах Зарэмбюка, беларусам застаецца толькі чакаць, што вырашаць польскія ўлады наконт выдачы гуманітарных візаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі