Прадавачка: З 22 да 23 гадзіны прадаем 40% дзённага аб'ёму алкаголю

Прадавачка: З 22 да 23 гадзіны прадаем 40% дзённага аб'ёму алкаголю

Міліцыя прапанавала вярнуць забарону на гандаль алкаголем у начны час. Ініцыятыву агучвае 27 ліпеня начальнік упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Алег Каразей: “Ідуць у начную краму, а потым іх “вабяць прыгоды”.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, сёлета нецвярозыя асобы здзейснілі 165 забойстваў, 37 згвалтаванняў, 516 рабаванняў і 81 разбой, 176 угонаў і 960 хуліганстваў.

З 15 чэрвеня 2015 года ў мінскіх крамах продаж алкаголю таксама быў абмежаваны з 9:00 да 22:00. Але ўжо 26 жніўня абмежаванне знялі (продаж дазволілі цягам сутак). Тады начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава патлумачыла Еўрарадыё, што продаж дазволілі з прычыны росту ценявога абароту алкагольнай прадукцыі. “Лепш, калі насельніцтва будзе купляць у начны час правераны, якасны беларускі алкаголь”.

Калі забарону здымалі ў Гомельскай вобласці, старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік гаварыў, што за год рэалізацыя моцных алкагольных напояў скарацілася адразу на 30%. Але пры гэтым жыхары Гомельшчыны не пачалі меней піць.

Праваахоўнікі ўвесь час лабіруюць ідэю забароны продажу алкаголю ў начны час.

Прадавачка: З 22 да 23 гадзіны прадаем 40% дзённага аб'ёму алкаголю
Фота: blizko.by

Прадавец невялічкай крамы каля вакзала кажа, што хоць пасля 22 гадзіны алкаголь набываюць гэтак жа актыўна, як і ў іншы вечаровы час, забарона продажу нічога добрага не прынясе.

“Падаткі хочам плаціць большыя, а не даюць”, — разважае прадавец і дадае, што калі забарону ўводзілі, кліенты былі вельмі незадаволеныя.

Алена, супрацоўніца сталічнай крамы “Карона”, кажа, што з 22-й да 23-й продажы алкаголю моцна павялічваюцца:

“За гэтую гадзіну мы можам рэалізаваць працэнтаў 40 ад дзённага аб'ёму алкаголю дакладна. За кошт таго, што ўсе крамы навокал працуюць да 22:00 і ўся моладзь ідзе да нас”.

Па словах Алены, забарона вельмі нязручная для супрацоўнікаў крамаў: каля 23-й гадзіны трэба ўвесь алкаголь перакрыць і паклікаць да касы ўсіх, хто стаіць са спіртным у чарзе. Бо з 23 гадзіны каса ўжо не выб’е такія напоі. Ударыць гэта і па кішэні прадаўцоў, бо заробак залежыць ад прыбытку крамы.

А вось у Мінгандлю нечакана паведамляюць, што ва ўрадзе ўжо разглядаюць праект закона пра алкаголь. І там няма ніякай забароны на продаж спіртнога пасля 22.00.

Па словах начальніка упраўлення арганізацыі гандлю і паслугаў Мінгандлю Віялеты Бразоўскай, дадаць папраўку пра забарону продажу пасля 22 гадзін немагчыма:

“Калі нехта вырашыць унесці туды змены, законапраект вяртаецца на дапрацоўку. І пасля выпрацоўваецца адзінае меркаванне з улікам усіх дзяржорганаў”.

Таму не ў бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі