Пракуратура выявіла, што ў Калінкавіцкай ЦРБ больш за тры гады няма анколага

Стэтаскоп / pixabay.com
Стэтаскоп / pixabay.com

Больш за тры гады ў Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы няма анколага. Доктар сышоў у траўні 2020 года. З таго часу пацыентаў назіраюць няпрофільныя спецыялісты, у тым ліку дактары агульнай практыкі. Пры гэтым яны так і не былі азнаёмленыя з клінічным пратаколам "Алгарытм дыягностыкі і лячэння злаякасных утварэнняў". Гэта выявіла праверка з раённай пракуратуры. У пацыентаў не аказалася патрэбных даследаванняў па асноўным дыягназе. Атрымліваецца, што "праца па дынамічным назіранні і абследаванні пацыентаў з хранічнай паталогіяй у поўным аб'ёме не праводзілася", адзначылі ў пракуратуры.

Ёсць пытанні і з прафілактыкай анкалагічных захворванняў. У ЦРБ для выяўлення перадпухлінавых захворванняў і пухлін на ранняй стадыі быў арганізаваны скрынінг раку тоўстай кішкі. Але падчас праверкі высветлілася, што скрынінгавы кабінет паўнавартасна не працуе ўжо больш за год. Па выніках праверкі пракуратура Калінкавіцкага раёна запатрабавала ліквідаваць праблемы і знайсці анколага. У выніку семярых медработнікаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, доктара-анколага знайшлі. Ён прыступіць да працы з 1 жніўня.

Адзначым, што пасля пратэстаў 2020 года і рэпрэсій многія дактары былі альбо звольненыя, альбо сышлі самі. У Беларусі ў апошнія гады абвастрыўся дэфіцыт медработнікаў. У выніку Мінпрацы нават дазволіла працаваць у Беларусі дактарамі і медсёстрамі замежнікам і асобам без грамадзянства, якія не маюць нават ПМЖ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі