Праваабаронцы растлумачылі, як арганізуюць кампанію па маніторынгу выбараў

"Мы не можам сваім маўчаннем дазволіць уладам крывадушна заяўляць аб захаванні выбарчых правоў" / spring96.org
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заявіла, што будзе ажыццяўляць маніторынг за выбарамі дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў, прызначаныя на 25 лютага 2024-га. Яе ўдзельнікі сцвярджаюць, што сваёй дзейнасцю яны не будуць іх легітымізаваць.
Як піша spring96.org, мэтай кампаніі з’яўляецца "ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках назірання". Прадстаўнікі кампаніі кажуць, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспертная місія, а не "класічнае" назіранне, якое ажыццяўлялася падчас папярэдніх кампаній. У 2024-м не будзе сеткі назіральнікаў ад праваабаронцаў, паколькі ва ўмовах рэпрэсій гэта немагчыма. Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі, у тым ліку праз публічную ананімную форму для паведамленняў аб парушэннях выбарчых правоў.
"Мы не можам сваім маўчаннем дазволіць уладам крывадушна заяўляць аб захаванні выбарчых правоў беларусаў, а псеўданазіральнікам з розных праўладных структур і краін, лаяльных да беларускай дыктатуры, ствараць бачнасць грамадзянскага кантролю, — кажа праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. — Гэта наш маральны абавязак — перад нашымі калегамі, якіх улады трымаюць у калоніях, перад тымі беларусамі, якія ў 2020 годзе выходзілі да выбарчых участкаў і на вуліцы ў абарону права на выбар. Гэта будзе ясным сігналам для рэжыму, што грамадзянскую супольнасць немагчыма знішчыць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.