Правацэнтрысты ладзяць у Мінску пікет супраць фальсіфікацыі выбараў

Правацэнтрысты ладзяць у Мінску пікет супраць фальсіфікацыі выбараў

Прадстаўнікі апазіцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі праводзяць пікет супраць фальсіфікацыі выбараў. Акцыя адбываецца каля сталічнага гатэля “Мінск”.

У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух “За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, нагадвае БелаПАН.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі патлумачыў на пікеце, чаму акцыю праводзяць каля гатэля, каля плошчы Незалежнасці і непадалёк ад Цэнтрвыбаркаму. Паводле яго словаў, на самой плошчы праводзіць пікет нельга, бо яна ўваходзіць у пералік месцаў, дзе забароненыя масавыя мерапрыемствы.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу адзначыў, што правацэнтрысты не разглядаюць сёлетнюю парламенцкую кампанію як дэмакратычную і лічаць выбары ў Палату прадстаўнікоў нелегітымнымі.

У пікеце прымаюць удзел каля 20 чалавек, у тым ліку кандыдаты ў дэпутаты Юрась Губарэвіч, Юрый Хашчавацкі Вольга Кавалькова, Аліна Хоміч, Вольга Маёрава і іншыя.

За акцыяй назіраюць людзі ў цывільным і здымаюць прысутных на камеру.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі