Канапацкая прапануе адмяніць крымінальны артыкул аб ілжэпрадпрымальніцтве
Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі і дэпутат Ганна Канапацкая, якая ўвайшла ў парламенцкую камісію па эканамічнай палітыцы, мае намер ініцыяваць разгляд паправак у Крымінальны кодэкс аб выключэнні са складу злачынстваў ілжэпрадпрымальніцтва.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў у інтэрв’ю БелаПАН адзначыла, што наяўнасць такога крымінальнага артыкулу моцна стрымлівае развіццё прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы. Пасяджэнне працоўнай групы па распрацоўцы адпаведнага законапраекта адбудзецца 21 кастрычніка.
Таксама Канапацкая паведаміла, што на сённяшнім пасяджэнні камісіі па эканамічнай палітыцы яна прапаноўвала сваю кандыдатуру па пасаду намесніка старшыні камісіі, але яе не падтрымалі іншыя парламентарыі.
Яшчэ адна прадстаўніца дэмакратычных сіл у новым парламенце, першы намеснік старшыні “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім, якая ўвайшла ў камісію па адукацыі, культуры і навуцы, хоча прасоўваць у парламенце ўсё, што тычыцца падтрымкі беларускай мовы.