Чаму першы працоўны дзень беларускіх дэпутатаў цягнуўся толькі… 3 гадзіны?

Чаму першы працоўны дзень беларускіх дэпутатаў цягнуўся толькі… 3 гадзіны?

11 кастрычніка, роўна праз месяц пасля выбараў, беларускія парламентарыі збіраюцца на сваё першае пасяджэнне. Пачынаецца яно аб 11-й гадзіне, а ўжо а 14-й дэпутаты разыходзяцца з Авальнай залы. А папрацаваць?

За тыя тры гадзіны працы дэпутаты без дэбатаў абіраюць старшынёй парламента Уладзіміра Андрэйчанку (трэці раз запар), узгадняюць колькасць пастаянных камісій, выказваюць свае пажаданні наконт уваходжання ў тую ці іншую камісію і выходзяць на 20-хвілінны перапынак.

Спачатку планавалася, што ў гэты ж дзень будзе абраны намеснік старшыні парламента і старшыні камісій, але да гэтага справа так і не даходзіць — пераносяць прыняцце рашэння на 13 кастрычніка.

Папрок, што дэпутаты з першых дзён не працуюць, як усе, 8 гадзін у суткі, выклікае ў “двойчы дэпутата” Валерыя Барадзені абурэнне.

“У дэпутатаў  ненармаваны працоўны дзень. Хай тыя балбатуны, што сядзяць у сацсетках, ці “канапныя эксперты”, якія вельмі любяць лічыць чужы час альбо чужыя высілкі, прыйдуць да мяне на прыём у 8 вечара, у мяне першы і другі панядзелак кожнага месяца прыём грамадзян з 17 да 20 гадзін, і раскажуць мне, як па законе зрабіць так, каб усё было справядліва і каб па законе ўсе працавалі як мае быць. А я скажу, што дэпутаты працуюць сумленна, лайдакоў няма, і працуюць яны значна больш, чым 40 гадзін на тыдзень! І гэта праца, на якую накладаецца абмежаванне па законе “Аб дзяржслужбе”, дзе ты не можаш зарабляць шалёныя грошы. Таму не трэба зайздросціць! Хто хоча — можа паспрабаваць выйграць выбары, прыйсці і нічога не рабіць у парламенце”.

Сам Валерый Барадзеня, па яго словах, пасля пасяджэння не лайдачыў, а вывучаў законапраект “Аб інвестыцыйных фондах”.

“Хай той, хто крытыкуе, сядзе побач са мной і яго пачытае. Я пагляджу, да якой старонкі яны яго дачытаюць удумліва — гэта няпростая праца!” — кажа дэпутат. І прапануе ўсім “крытыканам” прыйсці да яго і назваць законы, якія асабіста ім перашкаджаюць добра і заможна жыць.

“Ён туды можа запісаць і дэкрэт аб дармаедах, і ўсё астатняе, але я вам гарантую, што больш за тры ніхто не назаве — нармальная ў нас нарматыўная база заканадаўчая”.

Для параўнання: выбары ў Дзярждуму Расіі праходзяць праз тыдзень пасля нашых — 18 верасня, а ўжо 5 кастрычніка расійскія дэпутаты збіраюцца на сваё першае пасяджэнне. У першы ж дзень яны абіраюць з двух прэтэндэнтаў спікера парламента, яго намеснікаў і адразу вызначаюцца са складам камітэтаў Дзярждумы і іх старшынямі.

7 кастрычніка расійскія дэпутаты разглядаюць 21 законапраект у першым чытанні (з іх палову прымаюць) і адзін законапраект у другім чытанні.

Як даведалася Еўрарадыё, 13 кастрычніка беларускія дэпутаты падзеляць партфелі, потым —  кабінеты і будуць вучыцца карыстацца сістэмай “беспапяровага дакументаабароту”. І толькі тыдні праз два (!) пачнуць разглядаць праекты законаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі