"Правал перавароту — знак, што ў Турцыі нарастаюць ісламісцкія настроі"
Пасля няўдалага перавароту ў Турцыі ў ноч на 16 ліпеня, паўстае лагічнае пытанне: ці зменіцца жыццё гэтай краіны і якім чынам?
На думку беларускага палітолага Юрыя Шаўцова, правал ваеннага пераварота — гэта знак таго, што ў краіне ўсё больш нарастаюць ісламісцкія настроі, і Турцыя ўсё болей губляе свецкі характар. Бо вайскоўцы цягам усёй гісторыі гэтай краіны былі носьбітамі свецкіх ідэяў.
“Калі турэцкія гараджане яшчэ ў большасці засталіся свецкімі, турэцкія вяскоўцы — падтрымліваюць ідэю больш рэлігійнай дзяржавы”, — тлумачыць Шаўцоў.
Ён гаворыць, што характар турэцкага ісламізму адрозніваецца ад егіпецкага ці аравійскага і звязаны з канцэпцыяй неаасманізму. А гэта не проста імперыялістычная ідэя вялікай Турцыі, але ідэя вялікай дзяржавы, падмуркам якой з’яўляецца іслам.
На пытанне, як зменяцца ўзаемаадносіны Еўрасаюза і Турцыі пасля апошніх падзеяў, Юры Шаўцоў адказвае лаканічна: “Еўропа ўсё часцей будзе сутыкацца з ісламскімі імпульсамі Турцыі”.
На яго думку, пасля гэтага перавароту Турцыя пачне рабіцца больш азіяцкай, чым еўрапейскай.
Украінскі палітолаг Віталь Портнікаў кажа, што спрагназаваць дальнейшы лёс Турцыі пасля гэтага ваеннага путчу складана: усе ранейшыя перавароты ў гэтай краіне былі за тое, каб абараніць свецкі характар турэцкай дзяржаўнасці. І ўсе яны падтрымліваліся народам. Гэты пераварот, хіба першы, які не меў поспеху і не быў падтрыманы мясцовым насельніцтвам.
Портнікаў падкрэслівае, што цяпер усё будзе залежыць ад таго, які кірунак абярэ Эрдаган: закруціць гайкі і скоціцца да яшчэ большага аўтарытарызму або наадварот пойдзе больш дэмакратычным шляхам.
Насельніцтва, якое паказала, як рашуча яно асуджае гэты ваенны путч — гэта выразны знак кіраўніку Турцыі, што калі ўрад перагне палку з аўтарытарызмам, цярпець яго не будуць. Калі ж улады гэтай краіны пойдуць дэмакратычным шляхам, існуе вялікая верагоднасць таго, што Эрдаган згубіць уладу на бліжэйшых выбарах. Палітычная сітуацыя ў краіне яскрава ілюструе гэта.
Паводле апошніх дадзеных, у Турцыі затрыманыя 2839 вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў спробе дзяржаўнага перавароту. Пра гэта заяўляе ў тэлезвароце прэм’ер гэтай краіны Біналі Ілдырым.
Удзельнікі перавароту, падкрэсліў ён, будуць прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з законамі краіны. Але ён не выключыў, што ў канстытуцыю краіны ў сувязі са спробай перавароту могуць быць унесеныя змены, якія вяртаюць смяротнае пакаранне.
Кіраўнік ураду таксама прывёў новыя звесткі аб загінулых падчас бунту. Па яго словах, загінуў 161 чалавек, раненні атрымалі каля 1440, паведамляе the Guardian.
Раней выканаўца абавязкаў кіраўніка Генштаба, генерал Уміт Дундар заяўляў, што пры спробе перавароту загінулі 190 чалавек.
Сярод вайскоўцаў 29 палкоўнікаў і 5 генералаў рашэннем МУС Турцыі знятыя са сваіх пасадаў, паведамляе Reuters.
У краіне ад працы адхіленыя 2745 суддзяў. Такое рашэнне прыняў Вышэйшы савет суддзяў і пракурораў Турцыі на экстраным пасяджэнні, якое адбылося 16 ліпеня.
Дзесяць членаў Вышэйшага савета, па дадзеных дзяржаўнага інфармагенцтва Anadolu, былі ўзятыя пад варту ў будынку, дзе праходзіла экстраннае пасяджэнне. Яны падазраюцца ў датычнасьці да спробы дзяржаўнага перавароту.
cnn'de darbecilere önce polis, sonra siviller müdahale etti pic.twitter.com/fiw5jVRC9v
— ismail saymaz (@ismailsaymaz) 16 июля 2016 г.