Прэйгерман: Не бачу сцэнарыя, калі каталонцы перацягваюць на свой бок Іспанію

Прэйгерман: Не бачу сцэнарыя, калі каталонцы перацягваюць на свой бок Іспанію

Ці падтрымае астатняя Іспанія права каталонцаў на самавызначэнне, калі Мадрыд пойдзе на агульнанацыянальны рэферэндум? Ці створыць сітуацыя ў Каталоніі эфект даміно ў Еўропе? Што азначаюць падзеі ў Іспаніі для Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае палітолаг, кіраўнік экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман.

Каталонія выйграе інфармацыйную вайну ў Мадрыда

Каталонскія палітыкі гуляюць і сёння выйграюць у медыйным спаборніцтве з Мадрыдам. Яны дабіваюцца пакрокавага, пакуль што не палітычнага, але ментальнага, аддзялення. Менавіта таму некаторым з іх выгадныя крывавыя падзеі. Але тое, што мы бачым, вельмі непрыгожа. Памятаючы палітычную барацьбу Краіны Баскаў і Мадрыда, іспанскаму ўраду трэба асабліва пільна падыходзіць да прыняцця рашэнняў.

У ХХІ стагоддзі той, хто прымяняе сілу перад камерамі, заўсёды прайграе інфармацыйную вайну. З іншага боку, любы ўрад, і аўтарытарны, і дэмакратычны, не будзе доўга думаць, калі будуць стаяць пытанні пра фундаментальныя праблемы. Ён пойдзе на ўжыванне сілы. Але трэба навучыцца як мага больш адцягваць мяжу, калі гэтая сіла прымяняецца.

Падзеяі ў Каталоніі аб'яднаюць жыхароў з іншых рэгіёнаў Іспаніі

Агульнанацыянальны рэферэндум, як адна з магчымасцяў працягнуць працэс аддзялення Каталоніі ад Іспаніі, верагодны. Толькі наўрад ці ў іх ёсць шанец атрымаць лічбы, якія яны хочуць. Так, усё больш жыхароў Каталоніі будуць падтрымліваць права каталонскага народа на самавызначэнне, і роўна гэтак жа яшчэ больш людзей, якія жывуць у іншых частках Іспаніі, будуць радыкальна выступаць за тое, каб гэтага не адбылося. Думаю, толькі 1-2% іспанцаў маглі б выступіць за права Каталоніі  самастойна развівацца.

Па папярэдніх сацыялагічных апытаннях палова каталонцаў выступае за аддзяленне. Сёння іх больш, але, відавочна, гэта не тыя 90%, пра якія заяўляецца на падставе рэферэндуму. Сцвярджаць, што гэтыя вынікі пра нешта сведчаць — палітычны авантурызм. Іншая справа, што гаворка ідзе пра рэальную палітыку, і кожны ўдзельнік ідзе на меры, якія будуць даваць эфект. 

Нішто так моцна не аб'ядноўвае людзей, як пачуццё нацыянальнай еднасці. І ў гэтым сэнсе я не бачу сцэнарыя, калі каталонскія сепаратысты перацягваюць на свой бок астатнюю Іспанію. 

Дэбаты не маюць сэнсу, бо пераканаць каго-небудзь немагчыма

Шмат хто з аналітыкаў кажа, што Мадрыд сам сябе закапвае. З іншага боку, іспанскаму ўраду зразумела, што тыя людзі, якія прадстаўляюць менавіта каталонскую частку насельніцтва, у пераважнай большасці заўсёды будуць выступаць за незалежнасць. Сярод этнічных іспанцаў, якія жывуць у Каталоніі, погляды могуць быць іншымі. Шмат па якіх пытаннях адкрытыя дэбаты не маюць сэнсу, бо тут немагчыма некага пераканаць. Выхад — альбо прымусіць, альбо выпрацаваць мадэль, якая будзе працаваць для ўсіх. Пакуль прынятае рашэнне прымусіць. 

Беларусь робіцца ўсё больш заўважнай у Еўропе

Еўрапейскія палітыкі, Еўрасаюз і яго краіны пакуль не маюць вызначанай рэакцыяй на падзеі ў Каталоніі. Беларусь жа ніколі не была на істотным парадку дня ў еўрачыноўнікаў. І гэта першая прычына, чаму еўрапейскія палітыкі маглі сабе дазволіць, нават не зразумеўшы, што тут адбываецца, выносіць нейкія рашэнні і рабіць заявы. З іншага боку, наадварот, важкасць Беларусі ў геапалітычным сэнсе ўзрастае як ніколі, што бачна хаця б па вучэннях "Захад-2017".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі