Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Убийца. Тайна. Надежда” гурта “Майтай”
Гурт Андрэя Дзяркова “Майтай” прэзентуе на Еўрарадыё свой другі паўнафарматнік “Убийца. Тайна. Надежда”. З моманту выхаду папярэдняга, альбома прайшло тры гады, якія моцна паўплывалі на новы матэрыял.
“За гэтыя гады ў маім жыцці адбылося некалькі няпростых і вельмі глыбокіх падзей, — распавядае лідар і аўтар гурта Андрэй Дзяркоў. — Я згубіў некалькі вельмі блізкіх для мяне людзей. Гэта, натуральна, адбілася і на альбоме. Пэўны перыяд часу я паглыбляўся ў хрысціянства, але ў выніку зразумеў, што шлях будызму ўсё ж такі цалкам мой шлях. Таму за гэтыя тры гады былі зробленыя больш глыбокія рэчы з пункту гледжання духоўнай працы. Як бы гэта пафасна нігучала. Таму па тэкстах гэты альбом працяг гэтага шляху”.
Калі дэбютнік “Рассветы” Андрэй Дзяркоў лічыць больш мазаічным, то “Убийца. Тайна. Надежда.” атрымаўся цэласным.
“На дыску восем трэкаў і больш не патрэбна, імі сказана ўсё, што хацелася сказаць, — дадае музыка. — Маёй мэтай было нешматслоўнічаць, тэксты на ім вельмі аскетычныя ў сваім гучанні, падборы словаў… Як і музыка. Яна не вельмі разнастайная. У пэўным сэнсе, можа, нават прымітыўная, але прымітыўная ў станоўчым сэнсе, як мне падаецца. Я не хацеў быць складаным, хацеў проста выразіць свае думкі. Атрымалася ў мяне гэта ці не, вырашаць ужо слухачу”.
Цяпер Андрэй Дзяркоў узяў невялікі перапынак, каб аднавіць сілы, пасля чаго можа распачаць працу над наступным альбомам.
“У мяне ёсць ідэі, — кажа Дзяркоў. — Я цяпер паглыбіўся ў вывучэнне ўсходняй паэзіі, у прыватнасці, японскай. Цяпер я пішу свае хайку. Ужо ёсць пэўная колькасць даволі цікавых хайку і ёсць ідэі як іх выкарыстаць у творчым сэнсе. Таму яшчэ праз пару гадоў мы, магчыма, выдадзім новы альбом, але што гэта будзе за новы матэрыял, я пакуль не ведаю. Для мяне гэта таямніца. У мяне так заўсёды і мне гэта падабаецца”.
Над запісам “Убийца. Тайна. Надежда.” фактычна працавалі два чалавекі — уласна Андрэй Дзяркоў і Павел Траццяк. Канцэртнай прэзентацыі альбома пакуль не плануецца, бо існуюць пэўныя складанасці са складам гурта. Усе музыкі “Майтай” моцна занятыя ў іншых праектах: басіст Алесь Мышкевіч стала задзейнічаны ў праектах Лявона Вольскага і раскручвае ўласны гурт SuperBullz, гітарыст Павел Траццяк гастралюе з Сяргеем Міхалком (Brutto i “Ляпис-98”), а бубнач Павел Мамонаў грае яшчэ і ў J:Mopc.
“Шукаць нейкіх маладых музыкаў у мяне няма ні жадання, ні часу, — тлумачыць Андрэй. — Я б хацеў граць менавіта з тымі людзьмі, з якімі граў і дагэтуль. Бо яны ведаюць і разумеюць тое, што я раблю. Гэта не камерцыйны праект, гэта частка майго жыццёвага шляху. І я ў меншай ступені зацікаўлены колькасцю канцэртаў, колькасцю прыхільнікаў. Я проста раблю сваю справу і пакуль яна мне падабаецца, я яе раблю”.