Прэзентацыя на Еўрарадыё: Гурт “Среди добрых людей” з альбомам “Небо Дождей”
Мінскі гурт “Среди добрых людей” (SDL) прэзентуе на Еўрарадыё свой другі паўнафарматнік “Небо Дождей”. У адрозненні ад папярэдніка, новы альбом атрымаўся вельмі багатым па настроі, але пры гэтым захаваў агульнае гучанне гурта.
“Мы яго запісалі жываком і на адным подыху, — каментуе лідар і вакаліст SDL Іван Калабкоў. — То бок прыйшлі ў студыю, і за чатыры гадзіны ўсе разам, пачкай запісалі альбом. Проста песні на дыску такія, што нам вельмі хацелася атмасферу кожнай з іх… так бы мовіць, сфатаграфаваць. То бок мы не ставілі мэтаў зрабіць нейкі суперякасны, ідэальны запіс. А менавіта хацелі паспрабаваць перадаць тое, што ў нас атрымліваецца на канцэртах”.
На думку Івана, задума атрымалася амаль у поўнай ступені. У выніку, на дыск трапіла шэсць песень, якія самі музыкі характарызуюць, як псіхадэлічны блюз-рок. Аўтарам вокладкі стаў мастак Зміцер Злобін. Праграма новага альбома была прэзентаваная на канцэрце ў Мінску яшчэ да інтэрнэт-рэлізу. І ў бліжэйшыя некалькі месяцаў “Среди добрых людей” выступаць не змогуць, бо гітарыст гурта знаходзіцца на зборах у войску.
Папярэдні альбом SDL “Гражданин поэт” выйшаў у 2013 годзе.