Прызнаць Беларусь акупаванай — добрая ідэя? Меркаванне Арцёма Шрайбмана

Расійскія вайскоўцы ў Беларусі / Getty Images
Расійскія вайскоўцы ў Беларусі / Getty Images

Апошнія тыдні беларускія дэмакратычныя сілы, у першую чаргу Офіс Святланы Ціханоўскай, актыўна працуюць над тым, каб Беларусь была прызнаная часова акупаванай расійскімі сіламі. Думка неадназначная і выклікае мноства спрэчак як у экспертным асяроддзі, так і сярод беларусаў.

Признать Беларусь оккупированной — хорошая идея? Мнение Артёма Шрайбмана

У часе стрыму мы спыталі палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана пра яго стаўленне да такой ініцыятывы дэмсіл:

— Менавіта на міжнародным узроўні я не бачу вялікіх праблем з гэтым. Я чуў аргументы Сяргея Чалага, і я разумею яго крытыку гэтай канцэпцыі пра тое, што яна дэмабілізуе ўнутры краіны; і ў гэтым ёсць зерне праўды. Я гатовы з гэтым пагадзіцца, калі мы гаворым пра меседж, які пасылаецца ўнутр краіны. Я таксама думаю, што, калі вы палітычны лідар, пасылаць сваім прыхільнікам меседж: усё, мы пад акупацыяй і ад вас нічога не залежыць — гэта, напэўна, няправільная ідэя.

Але па-за краінай... Гэта розныя рэчы: ёсць камунікацыя ўнутры краіны са сваімі прыхільнікамі і з міжнароднымі гульцамі. Па-за краінай, я так разумею, дэмакратычныя сілы паставілі перад сабой задачу падзяліць Лукашэнку і беларускі народ. У 2020-м беларускія пратэстоўцы гэта часткова зрабілі, але яны хочуць замацаваць гэты эфект. Калі дзеянні Пуціна часта атрыбутуюць расіянам, то дэмсілы дамагаюцца таго, каб дзеянні Лукашэнкі беларусам не прыпісвалі. І гэтая мэта, мне здаецца, высокая і добрая.

Шрайбман адзначае станоўчыя мэты такой ініцыятывы: "Каб да беларусаў не ставіліся дыскрымінацыйна за мяжой, каб не прымалася нейкіх агульных абмежавальных мер на ўсіх беларусаў, якія пакідаюць краіну".

Акрамя таго, прызнанне з боку міжнароднай супольнасці акупацыі краіны дазволіць у будучыні не прад'яўляць Беларусі патрабаванняў аб рэпарацыях. Тое, што Беларусь стала плацдармам для расійскіх войскаў, можа ўспрымацца не ў прававым, а ў палітычным сэнсе — як дзеянні акупацыйных уладаў ці вонкавага кіраўніцтва.

Аднак, на думку Арцёма, галоўнае — разводзіць камунікацыі, бо такі пасыл павінен ісці да вонкавых партнёраў, а не да прыхільнікаў перамен.

Эфір з аналітыкам Арцёмам Шрайбманам

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі