Радыё Свабода: суд над Ціханоўскім, Лосікам, Статкевічам пачнецца 24 чэрвеня
Суд над палітвязнямі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым пачнецца 24 чэрвеня. Працэс будзе закрыты і пройдзе ў будынку СІЗА ў Гомелі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на сваякоў абвінавачаных.
Палітвязняў вінавацяць у тым, што яны нібыта яшчэ з 2019 года планавалі арганізацыю "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Па адной справе праходзяць палітык Статкевіч, палітык і блогер Ціханоўскі, адміністратар аднаго з тэлеграм-каналаў Лосік, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сакаў, мадэратар сацсетак праекта Ціханоўскага Папоў, блогер Цыгановіч.
Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачванні адразу па чатырох артыкулах КК: акрамя арганізацыі "масавых беспарадкаў", іх абвінавачваюць у "распальванні сацыяльнай варожасці", "процідзеянні ажыццяўленню выбарчых правоў" і "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу выставілі абвінавачванні ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" і "распальванні сацыяльнай варожасці". Статкевіча абвінавачваюць толькі па адным артыкуле. Генпракуратура выставіла ім пазоў на 3,078 мільёна рублёў (1,2 мільёна долараў).
Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, астатнім — да 15 гадоў.
Пра тое, што крымінальную справу будзе разглядаць Гомельскі абласны суд, стала вядома ў сярэдзіне траўня. Мяркуецца, што гучны працэс будзе праходзіць да канца ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.