Раман Жыгараў з Akute не стаў творчым работнікам
На жаль, Еўрарадыё вымушанае прызнаць, што памылілася: аўтару песень і бас-гітарысту гурта Akute Раману Жыгараву адмоўлена ў статусе творчага работніка. Рэдакцыя просіць прабачэння ў Рамана і Міністэрства культуры за паспешныя вынікі: мы спаслаліся на інфармацыю крыніцы, якая апынулася ненадзейнай, і верылі, што для Рамана паход у Мінкульт пройдзе станоўча, бо хто, як не ён, варты такога статусу.
На мінулым тыдні Жыгараву прыйшоў ліст з Міністэрства, у якім музыку тлумачаць, чаму ён не можа атрымаць адпаведны сертыфікат. Аказваецца, "вынікі творчай дзейнасці не адпавядаюць крытэрыям, вызначаным у п.14 Палажэння экспертнай камісіі па пацвярджэнню статуса творчага работніка, зацверджаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 траўня 2000 г. №747".
Гэты пункт Палажэння зразумелы: "Рашэнне камiсii прымаецца большасцю галасоў прысутных на паседжаннi членаў камiсii адкрытым або тайным галасаваннем". То бок, за лідара Akute прагаласавала меншней экспертаў, чым было трэба.
Сярод тых, хто прысутнічаў падчас паседжання і азнаёміўся з творамі Жыгарава — рэктары Акадэміі музыкі і Акадэміі мастацтваў Кацярына Дулава і Міхаіл Баразна, дырэктар Мастацкага музея Улазімір Пракапцоў, кампазітар Эдуард Зарыцкі, намесніца старшыні праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў Наталля Вітчанка і іншыя. Тлумачэнні наконт адмовы ў статусе Раману чытайце неўзабаве ў нашым інтэрв'ю з Эдуардам Зарыцкім. Дарэчы, калегу Рамана, музыку і мастаку Андрусю Такіндангу больш пашанцавала: камісія прызнала яго творчым работнікам у галіне выяўленчага мастацтва.
Нагадаем, з 23 ліпеня 2015 года па 31 сакавіка 2016 года экспертная камісія выдала 26 сертыфікатаў. Усяго было пададзена 47 заяваў: 16 — ад прадстаўнікоў музычнай індустрыі, 15 — ад літаратараў, 9 — ад мастакоў, 4 — ад творцаў у жанрах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 2 — ад дызайнераў і 1 — ад артыста цыркавога жанру.