Рашэнне акадэмікаў па кандыдатуры Алексіевіч было аднагалосным
67-гадовая беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. Пра гэта было абвешчана ў Стакгольме ў чацвер, 8 кастрычніка. Адзначалася, што прэмія прысуджаная беларусцы "за яе паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці ў наш час".
Пастаянны сакратар Шведскай акадэміі Сара Даніус (менавіта яна абвесціла пра перамогу нашай суайчынніцы) заявіла, што рашэнне акадэмікаў па кандыдатуры Святланы Алексіевіч было аднагалосным. "Яна многае зрабіла ў сваёй творчай кар'еры, — цытуе словы Даніус РІА "Новости". — Апісваючы людзей савецкага часу, постсавецкага, яна перакрочыла межы журналістыкі, стварыла зусім нейкі новы літаратурны жанр. Яна проста выдатная пісьменніца!".
Фота: Reuters