Разгляд справы аб палітычных забойствах у Беларусі працягнецца ў сераду

Юрый Гараўскі пад аховай паліцыі

Юрый Гараўскі пад аховай паліцыі / novychas.online

Суд у Швейцарыі над беларусам Юрыем Гараўскім, экс-байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, працягнецца ў сераду. Разгляд гучнай справы пачаўся 19 верасня. Гараўскі пасля выезду за мяжу ў 2018-м сам прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства ў 1999-м апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага (у Беларусі гэтыя справы дагэтуль афіцыйна не расследаваныя).

Гэта першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядаюць у рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі, піша "Новы час". Першы дзень пакінуў супярэчлівыя ўражанні ў прысутных: Гараўскі, магчыма, кажа не ўсю праўду пра тыя падзеі (на некаторыя пытанні адказваць адмаўляецца). На судзе ён адмаўляў частку паказанняў, запісаных швейцарскай міграцыйнай службай (нібыта, быў "кепскі пераклад"). Неаднаразова падкрэсліваў, што "не ліквідаваў людзей, а затрымліваў". Па словах Юрыя Гараўскага, Захаранку, Ганчара і Красоўскага застрэліў Дзмітрый Паўлічэнка. "У мяне ў Беларусі засталіся дакументы аб удзеле Паўлічэнкі, Лукашэнкі, Сівакова і Шэймана ў злачынствах супраць Беларусі", — заявіў ён у судзе.

Суддзя нагадаў беларусу, што міграцыйная служба не паверыла ў яго гісторыю, яму адмоўлена ў прытулку. Высвятляецца, што Гараўскага нават падазраюць у тым, што ён можа знаходзіцца "на службе ў органах разведкі". З гэтым звязаныя пытанні, якія так раздражнялі былога сілавіка.

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Пракурор лічыць, што ў судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна. На думку пракурора, Юрый Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь.

Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў у сваёй прамове падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы вінаватасці Гараўскага, і лічыць, што ён мусіць выплаціць сваякам забітых 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі.

Са сваякамі забітых (Аленай Захаранка і Валерыяй Красоўскай, якія прысутнічаюць на працэсе) Гараўскі ніякім чынам не камунікаваў, нават не глядзеў у іх бок, калі прасіў прабачэння за здзейсненае. Таму ў прысутных склалася ўражанне, што ён не шчыра раскайваецца.

Юрый Гараўскі не мог сядзець працяглы час праз боль у сцягне. Ён падымаўся і слухаў выступы стоячы. Часам моршчыўся ад болю. Гараўскі кажа, што мае праблемы са здароўем, у тым ліку і з памяццю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі