Разведка Літвы: Беларусь схавала інцыдэнты, якія адбыліся на БелАЭС у 2022 годзе
Беларуская АЭС / Еўрарадыё
На Беларускай АЭС у 2022 годзе адбыліся інцыдэнты, якія Беларусь і "Расатам" замоўчалі. Пра гэта паведаміла літоўская разведка, перадае Delfi.
Так, гаворыцца, быццам у траўні сістэмы кантролю БелАЭС выявілі расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блока. "Паводле ацэнкі спецыялістаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна, толькі зняўшы рэактар, аднак праз палітычныя прычыны такі варыянт нават не разглядалі", — сцвярджае літоўскі бок.
Запуску рэактара другога блока таксама, нібыта, перашкодзілі тэхнічныя праблемы. Запусціць яго мусілі яшчэ ў 2022 годзе. "Але ў лютым 2022 года зафіксавалі хімічнае змяненне складу вады, якая астуджае рэактар блока, вада была забруджаная смоламі. Канстатавалі, што механічным спосабам трэба пачысціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва. (...) Цалкам верагодна, што дэфекты тэхнічных дэталяў былі і пасля запуску другога блока", — заяўляюць у Літве.
Літоўскія разведчыкі прыйшлі да высноваў, што "Расатам" не можа гарантаваць надзейнасць і бяспеку сваіх тэхналогій.
У красавіку 2022 года першы блок БелАЭС быў спынены для планавага рамонту. Ён не працаваў паўгода — да пачатку лістапада. Еўрарадыё распавядала пра верагоднае апраменьванне персаналу на АЭС у гэты час. Беларускія ўлады афіцыйна абверглі гэтую інфармацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.