Разведка ЗША паведаміла, што КНДР распрацоўвае новыя ракеты
КНДР можа распрацоўваць новыя балістычныя ракеты, паведамляе Washington Post са спасылкай на разведку ЗША.
Мяркуючы па здымках са спадарожніка, Паўночная Карэя стварае адну ці дзве міжкантынентальныя балістычныя ракеты. Вытворчасць адбываецца на комплексе каля Пхеньяна, перадае Бі-Бі-Сі. На гэтым жа заводзе раней таксама вырабляліся ракеты.
Нагадаем, што ў чэрвені адбылася сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. На ёй кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся пра ядзернае раззбраенне КНДР.
На мінулым тыдні Трамп заявіў, што вельмі задаволены прагрэсам у адносінах паміж ЗША і КНДР. па яго словах, Паўночная Карэя ўжо дзевяць месяцаў не праводзіць ядзерных выпрабаванняў. Таксама на мінулым тыдні стала вядома, што Пхеньян пачаў частковы дэмантаж ракетнага палігона на базе касмадрома Сохэ на паўночным захадзе краіны.