Re1ikt адкрые выставу карцін вядомых беларускіх музыкаў у Брэсце
Першая выстава прац беларускіх музыкаў "Музыка без межаў" працягвае вандраваць па Беларусі, і пасля Мінска і Віцебска, дзе яе ўжо ўбачылі больш за 3 тысячы наведвальнікаў, адкрыецца для брэсцкай публікі. Падзея закліканая паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў.
Падчас выставы можна будзе ўбачыць карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта "Крама" Ігара Варашкевіча, гурта "Палац" Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак "Дай дарогу!" Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), лідара гурта Znich Алеся Таболіча, Сяргея “Скрыпы” Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) і Аляксандра Дземідзенкі (Re1ikt). Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб'ядноўвае выяўленчае мастацтва. Як зрэшты і іншых музыкаў свету. Малявалі не толькі беларускія вакалісты, гітарысты і бубначы, але і многія сусветныя зоркі. Джон Ленан, Пол Макартні, Джымі Хендрыкс, Джэніс Джоплін, Джым Морысан, Сід Барэт, Том Ёрк, Джоні Кэш, Бона, Фрэнк Сінатра і нават нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Боб Дылан вядомыя ў тым ліку і сваімі мастацкімі працамі.
Выстава будзе праходзіць з 30 чэрвеня па 15 ліпеня ў выставачнай зале гатэля "Эрмітаж" (вул. Чкалава, 7). Адкрыццё адбудзецца 30 чэрвеня ў 19.00 з удзелам гурта Re1ikt.
Час працы: 10.00-22.00.
Інфалінія: +375 29 727 30 97
Уваход: 1 руб.
Юрый Стыльскі ― фронтмэн брэсцкіх панк-зорак "Дай дарогу!". Прага маляваць праследавала яго ўсё жыццё, пачынаў маляваць у школьных сшытках, пазней маляваў прышэльцаў пад уплывам кінафільмаў і ўдасканальваў свае навыкі, назіраючы за працай прафесіяналаў і праводзячы гадзіны з фарбамі і алоўкам. "Гэты працэс,калі з пустаты на тваіх вачах з'яўляецца, скажам, партрэт, мяне заўсёды зачароўваў!" ― кажа Юра. Стыльскі не мае прафесійнай мастацкай адукацыі і дзейнічае, хутчэй, інтуітыўна, таму жартуе, што яго стыль утварыўся ад прозвішча "Стыльскі". У творчасці як музычнай, так і выяўленчай, Юра не прытрымліваецца нейкіх межаў, таму апошнім чынам задумваецца, да якога накірунку адносіцца яго праца. Жывапіс, у адрозненні ад музыкі, пагружае яго ў стан медытацыі і дапамагае расслабіцца, "а калі хочацца выйсці з гэтага трансу і ўзбадзёрыцца, я бяру ў рукі гітару!", ― рэзюмуе музыка. У творчасці няма межаў, адзінае, што можа спыняць ― адсутнасць жадання.
Лявон Вольскі — адзін з самых уплывовых беларускіх музыкаў пачаў маляваць з “самага-самага маленства, гадоў з 3-4”, а далей была мастацкая школа, вучэльня. Вучыўся ў вядомага мастака Сяргея Каткова. Уплыў аказала вялікая колькасць людзей. Усё пачалося з імпрэсіяністаў, пасля былі постімпрэсіяністы, авангардысты, віцебская школа, амерыканскія авангардысты. Канкрэтнага стылю, у якім працуе, — няма. “Магу намаляваць і нешта абстрактнае, а магу і партрэт, і нават краявід”, — кажа Лявон і прызнаецца, што часам можа не маляваць цэлы год, а пасля ўзяць і выдаць шэраг твораў. “На стварэнне і карцін, і песень натхняе жыццё. Аднойчы натхніў Адам Глобус. Я сустрэў яго неяк, а ён пытаецца: “Чаму ты даўно не малюеш?” Я задумаўся, пабег у краму, набыў усё неабходнае і намаляваў!”. “Свабода творчасці не павінна нічым абмяжоўвацца. Свабода творчасці — гэта натуральнае жыццё. Мне ніхто не можа вызначыць, дзе межы маёй свабоды”, — рэзюмуе Вольскі.
Ігар Варашкевіч ― лідар славутага беларускага блюз-рокавага гурта "Крама", па ўласным прызнанні, у школьныя гады ён умеў добра маляваць эратычныя і нават парнаграфічныя коміксы, і калі б не стаў у выніку музыкам, то і працягнуў бы займацца гэтым. Развіваць свой мастацкі талент Ігар ездзіў з Баранавічаў у Нясвіж да свайго першага настаўніка, славутага мастака Міхася Сеўрука, вучня самога Фердынанда Рушчыца! Дагэтуль на самым бачным месцы ў кватэры Варашкевіча захоўваецца гравюра Сеўрука “Слуцкая брама”. Цяпер Ігар пераважна займаецца камп’ютарнай графікай і малюе шаржы на сяброў і знаёмых.
Андрусь Такінданг вядомы як аўтар песень і фронтмэн гуртоў Recha і Harotnica, з апошнім выступаў на адным з найбуйнейшых оўпэн-эйраў Еўропы Opener ў Польшчы. Скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Андрусь кажа, што менавіта жывапіс дазваляе яму ствараць свой свет. Паўплывалі на яго творчасць Малыя галандцы, Мікалай Селяшчук і беларускі іканапіс. Свой стыль Такінданг вызначае як "акадэмічны інсіт", а сярод крыніц натхнення называе жаночую прыгажосць, хараство наваколля, Бога, гвалт і дарогі.
Андрусь лічыць, што спалучэнне музыкі і мастацтва дазваляе не заганяцца. "Не заганяюся задужа па мастацтве, бо ёсць музыка і наадварот. Яны вучаць, што ў творчасці найперш ― творчая ідэя, выказванне, а жывапіс ці ноты ― справа другая", ― кажа ён.
Мяжой свабоды творчасці Андрусь бачыць толькі прафесійную дасканаласць, якую абмяжоўваюць час, цела і страх.
Сяргей “Скрыпа” Скрыпнічэнка — заснавальнік, гітарыст, вакаліст, аўтар тэкстаў і музыкі гурта žygimont VAZA. Яго мастацкі талент, бадай, быў прадвызначаны ўжо на генетычным узроўні. Бацька Сяргея — вядомы мастак-сюррэаліст Георгій Скрыпнічэнка. “Скрыпа” вучыўся ў мастацка-рэстаўрацыйнай вучэльні ў Міры, Беларускай акадэміі мастацтваў. Разам з жонкай, дызайнерам Юліяй Галавіной, заснаваў дызайнерскі лэйбл “Tank Press”. Аздабляў дыскі беларускіх выканаўцаў. А да 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам выдаў калекцыйную калоду карт.
Алесь Таболіч ― нязменны лідар вядомага беларускага пэган-метал-гурта Znich і сын мастакоў-жывапісцаў Марыі і Рыгора Таболічаў, што і абумовіла яго захапленне гэтым відам мастацтва. Алесь пераймаў вопыт бацькоў, а пасля вучыўся ў школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка і скончыў факультэт дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У свой час на яго паўплывала творчасць Дзюрэра, Рэрыха і многіх іншых мастакоў. Алесь Таболіч таксама вядомы як майстар тату, адзін з пачынальнікаў плыні беларускай арнаментальнай татуіроўкі.
"Уся мая творчасць, музыка, дызайн, жывапіс, тату прасякнутая любоўю да роднай Зямлі ды этнасу, фальклору і традыцый ― таго, чым могуць ганарыцца Беларусы", ― распавядае Алесь. І яго карціны цалкам адпавядаюць гэтаму прызнанню.
Аляксандр Дземідзенка, нязменны бубнач гурта Re1ikt, хоць і не лічыць сябе мастаком, але маляваць любіў усё жыццё. Ужо ў чатыры гады выявіў сваю бабулю з дзядулем, якія плялі кошыкі. У школьныя гады забаўляўся коміксамі. “Я атрымліваю радасць, калі нешта крэмзаю на паперцы ці ў фаташопе. Проста акт творчасці дзеля творчасці. Медытацыя. Калі я нешта пачынаю маляваць, я не думаю пра тое, што мусіць атрымацца”, — кажа Аляксандр. Як у музыцы, так і ў мастацтве ён любіць цікавыя спалучэнні і эксперыменты, а свой стыль вызначае як “Zuihitsu ў выяўленчым мастацтве”. Патрэба ў маляванні звязаная і з музычнай дзейнасцю. Аляксандр займаецца аздабленнем розных рэчаў для гурта Re1ikt: мерч, дыскі, афішы.
Алег Хаменка, лідар гурта “Палац”, вучыўся ў мінскай мастацкай школе №2. Паралельна яшчэ была школа музычная і секцыя спорту. У выніку Алег перастаў паспяваць рабіць усё адразу, пачаў губляць пазіцыі ў школе агульнаадукацыйнай, таму спыніў мастацкае навучанне. Твор, які будзе прадстаўлены на выставе, Хаменка стварыў у стылі “поп-мадэрн” пад уплывам творчасці Рыгора Сітніцы. Карціна мае прыхаваную таямніцу. Здаецца, гэта рэшткі Палаца, а насамрэч там намаляваныя тры каты, два разы напісана слова “Палац” і адзін раз можна ўбачыць знакаміты патрыятычны лозунг! “Свабода ў мастацтве, мне здаецца, адбываецца тады, калі думкі ў галаве не перашкаджаюць пачуццям сэрца”, — дадае сам Хаменка.