Рэдактар "Брестской газеты" папрасіў чытачоў адмовіцца ад падпіскі на 2021 год

Рэдактар "Брестской газеты" папрасіў чытачоў адмовіцца ад падпіскі на 2021 год

Галоўны рэдактар "Брестской газеты" Віктар Марчык звярнуўся да чытачоў з незвычайнай просьбай. Ён папрасіў іх адмовіцца ад падпіскі на наступны, 2021 год. А калі падпісаліся — ануляваць падпіску.

"Справа ў тым, што ва ўмовах, у якія сёння спрабуюць паставіць наша выданне, мы не ўпэўненыя, што зможам выканаць свае абавязанні перад вамі", — піша Марчык. І прызнаецца, што не мае ўпэўненасці ў друкарні ды пошце. 

Са студзеня газета не зможа друкавацца ў "Брэсцкай друкарні", бо яе кіраўніцтва вырашыла не падаўжаць дамову з газетай. "Брестская газета" шукае магчымасці для друку, але тут ёсць вялікая праблема: ліцэнзію на друкаванне газет маюць амаль толькі адны дзяржаўныя друкарні. "А, як паказвае сітуацыя з "БГ" і шэрагам іншых друкаваных выданняў, у гэтай сферы законы эканомікі, рынку, дый проста здаровы сэнс не заўсёды працуюць належным чынам. Такія асаблівасці цяперашніх беларускіх рэалій", — канстатуе галоўрэд.

Па яго словах, друкарня ў аднабаковым парадку перанесла пачатак друку газеты з 9:00 па чацвяргах на 15:00. А паводле дамовы з "Белпоштай" наклад газеты трэба здаць ім не пазней за 15:00. 

"Але як мы можам здаць наклад газеты ва ўчастак у абумоўлены ў дамове час, калі чарговы нумар у 15:00 толькі пачынаюць друкаваць у друкарні? Вельмі відавочная часавая нестыкоўка (або стыкоўка) атрымалася, каб быць выпадковасцю. Падпісваць з рэдакцыяй дадатковае пагадненне да дзеючага дагавора, якое прадугледжвае перанос здачы накладу на больш позні час, кіраўніцтва Брэсцкага філіяла "Белпошты" адмовілася", — дзеліцца Марчык падрабязнасцямі.

Па яго словах, 2020 год усё ж удалося дапрацаваць. Аднак няма ніякіх гарантыяў, што ў 2021-м такая практыка не паўторыцца. Таму рэдакцыя вырашыла адмовіцца ад паслуг "Белпошты" па падпісцы на першае паўгоддзе 2021 года. 

Цяпер калектыў рэдакцыі шукае магчымасці альтэрнатыўнай дастаўкі выдання чытачам. "Балазе ў XXI стагоддзі ёсць даволі шырокі выбар магчымасцяў для доступу да інфармацыі. У іх ліку — падпіска на электронную ПДФ-версію "БГ". Пакуль ж не Паўночная Карэя. Хоць, падобна, рухаемся да таго", — падсумоўвае галоўрэд.

Пры гэтым ён абяцае, што ў рознічным гандлі газета будзе даступная. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі