Глыбоцкі райвыканкам: Нашы людзі засумавалі па Леніну!
Кампанію абноўленаму глыбоцкаму Леніну складуць бюсты знакамітых глыбаччан, аднак у райвыканкаме... не памятаюць іх прозвішчаў!
“Па Леніну вось так – адпраўлены ў рамонт! Як любы чалавек. Ёсць жа тэрмін жыцця ў людзей. І ў помнікаў таксама. Падрамантавалі, амаладзілі і зноў стаіць!”, -- гаворыць нам кіраўнік аддзела ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі.
У інтэрнэце пайшлі чуткі, што глыбоцкага Леніна, вядомага сваёй кавалерыйскай постаццю, увогуле адправяць на звалку гісторыі. Аднак у райвыканкаме нас пераконваюць: помнік пачысцяць, пафарбуюць у бронзавы колер і вернуць. Маўляў, людзі ўжо сумуюць па ім.
“Дрэнна стаіць Уладзімір Ільіч Ленін! Трэба прыбіраць! А вось калі па рашэнні камісіі адправілі ў рамонт, то ўсе засумавалі па ім!”
Адзінае, што пакуль не вядома, куды дакладна вернуць глыбоцкага Леніна – на старое наседжанае месца на плошчы 17 верасня, альбо на новае – пасярод цэнтральнай плошчы бліжэй да райвыканкама.
Так глыбоцкі Ленін выглядаў да "рамонту".
Калі абяруць другі варыянт, то правадыр сусветнага пралетарыяту мае ўсе шансы сустрэцца з бюстам Вацлава Ластоўскага. Нагадаем, што гэты знакаміты ўраджэнец Глыбоччыны быў не толькі выбітным беларускім гісторыкам, але па сумяшчальніцтве яшчэ і ўзначальваў урад БНР. І наўрад ці быў бы ўзрадаваны такому суседству.
Праверыць, ці ведаюць у райвыканкаме пра палітычныя погляды Ластоўскага, у нас не атрымалася. Там проста не змаглі ўзгадаць прозвішчы знакамітых землякоў, чые бюсты з’явяцца ў Глыбокім. Ні ў аддзеле ідэалогіі, ні ў аддзеле культуры знакамітых землякоў не ўспомнілі і паслалі карэспандэнта на сайт. Маўляў, там усё ёсць. Праз паўгадзіны пошукаў прозвішчы насамрэч знайшліся.
Аднак мясцовы журналіст Зміцер кажа, што улады добра ведаюць, кім быў Вацлаў Ластоўскі.
“Я думаю, што ведаюць. Аддзел па ідэалогіі дакладна гэта ведае, бо яго ўзначальвае гісторык па адукацыі”.
Акрамя бюста Ластоўскага, у Глыбокім з’явяцца таксама помнікі мастаку Язэпу Драздовічу, стваральніку беларускага тэатра Ігнату Буйніцкаму, авіяканструктару Паўлу Сухому і яшчэ шэрагу іншых знакамітых глыбаччан.
Убачыць адрамантаванага і вечна жывога Леніна ў суседстве з Вацлавам Ластоўскім можна будзе даволі хутка. Святкаванне Дня беларускай пісьменнасці запланаванае на 2 верасня.