Грошы для Алеся Бяляцкага практычна сабраныя
Аб гэтым Еўрарадыё паведаміў Уладзімір Лабковіч.
Па словах праваабаронцы, дакладных дадзеных аб памеры сабранай сумы пакуль няма. Аднак ужо можна гаварыць, што сабрана 720-730 мільёнаў рублёў. Гэтую суму ўдалося сабраць за 20 дзён – пачатак збору сродкаў быў пакладзены 15 снежня. Нагадаем, што суд пастанавіў кампенсаваць 757 мільёнаў рублёў.
“Як толькі будзе прызначаны касацыйны разгляд справы і стане вядомы рахунак, на які трэба пералічыць грошы, мы іх пералічым. Зараз мы кампанію не спыняем, бо сума пакуль не сабраная — яна толькі блізкая да завяршэння. Мы спадзяемся, што беларуская судовая сістэма ўлічыць гэта пры змякчэнні прысуду для Алеся Бяляцкага. Безумоўна, гэта не прызнанне віны Бяляцкага ні ім, ні намі”, — распавёў Еўрарадыё Уладзімір Лабковіч.
У “Вясне” спадзяюцца, што кампенсацыя неабходнай сумы паўплывае на далейшы лёс кіраўніка цэнтра. Аднак дакладна не бяруцца сказаць, якім менавіта чынам. Гэта можа быць адмова ад канфіскацыі маёмасці праваабаронцы, а таксама перавод яго на “хімію”.