Naka сыграла першы канцэрт пасля забароны

Спявачка Анастасія Шпакоўская дала першы ў жыцці сольны канцэрт. Многія чакалі звыклыя для такіх мерапрыемстваў гітару ці клавішы, аднак акампанаваць Насце выйшаў гурт Naka у поўным складзе.

Такім чынам, ў сталічным Loft-кафэ адбыўся першы пасля забароны выступ гурта Naka. Для такога выпадку каманда падрыхтавала для фэнаў старыя добрыя і новыя, таксама добрыя песні, сярод якіх кранальная “За минуту до взрыва”, гераічная “Пагоня”, сумная “Всех забрали” і іншыя.

Дарэчы, апошнім часам рэпертуар Насты папоўніўся беларускамоўнымі песнямі, на што “дабразычліўцы” адрэагавалі прыкладна так: “забаранілі – заспявала па-беларуску”. Сама Наста такі варыянт адмаўляе.

Наста Шпакоўская: “Вельмі складана аналізаваць, што адбываецца ў маёй галаве, аднак песні неяк пішуцца па-беларуску, і сабе ў гэтым не адмаўляю, не б’ю сябе па руках”.

Еўрарадыё: То бок, гэта ні ў якім разе ні кан’юнктурны момант?

Наста Шпакоўская: “Я спадзяюся, што не. Гэта было б вельмі дзіўна”.

Канцэрт, падчас якога можна было і растанцавацца і расплакацца, у чым сабе ні Наста, ні гледачы не адмаўлялі, скончыўся некалькімі бісамі. Зусім хутка Naka выступіць на буйнейшым расійскім музычным форуме “Нашествие”, аднак Наста спадзяецца, што і ў Мінску паўза больш не зацягнецца.

Наста Шпакоўская: “Зараз, па-першае, заканчваецца сезон, і ўвогуле, складана анансаваць. У нас была вялікая паўза, таму што мы шукалі гітарыста больш за паўгода. І вось на сённяшні дзень знайшлі, увялі яго ў новы, у стары матэрыял. Вялікая была праца зробленая. Я спадзяюся, што не прымусім сябе доўга чакаць”.

Паўза ж сапраўды зацягнулася, пра што сведчылі гледачы, якія літаральна не зводзілі з Насты вачэй, спявалі амаль усе песні напамяць і свяціліся шчасцем. Праўда. І мела рацыю маладая пара, што песні Naka слухаюць тыя, хто сябе ўжо знайшоў, і што шчырая творчасць Насты натхняе.

Дзяўчына: “Мне падаецца, справа ў эмацыйным складніку, у тым, што гэта вельмі шчыра гучыць, і што людзі гэта робяць не з-за грошай, а выключна для таго, каб выплеснуць свой эмацыйны складнік. Таму гэта вельмі блізка і пачуццёва”.

Цікава, што мужчыны любяць музыку Naka, аднак лічаць яе больш жаночай.

Хлопец: “Мне падаецца, гэта вельмі незвычайна. То бок, усё тое, што я звычайна слухаю, схільнае да стэрэатыпаў: звычайны рок, звычайныя словы, звычайная музыка. А гэта крыху іншае. Але яно, мабыць, больш жаночае”.

Адпаведна і песні “Накі” любімыя ў хлопцаў і дзяўчат розныя: асобы жаночага полу аддаюць перавагу лірычным тэмам кшталту “Бяжы” і "Дарога”, а мужчыны – іранічным і бойкім як пра Таццяну Буланаву альбо “По нулям”.

У песні "Пагоня" загучала беларуская жалейка ў выкананні Дзмітрыя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі