Журналіста Еўрарадыё Віталя Ругайна вызвалілі ў зале суда (дадалося відэа!)

18.00 Віталь разам з калегамі паспеў заехаць за рэчамі ў "Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў" на вул. Акрэсціна. Дзяжурны запытаўся ў журналіста, ці адзін ён прыехаў і ці далёка яго чакаюць сябры. Таму Віталь паспяшаўся з'ехаць ад ізалятара. У невядомым кірунку.

17.30 Віталь Ругайн выходзіць з будынку суда. Трэба тэрмінова ехаць за рэчамі ў ізалятар на Акрэсціна, але ён дае каментары настойлівым журналістам. Адмовіць ім немагчыма: яны асвятлялі судовы працэс ад самай раніцы і агулам правялі ў двух мінскіх судах блізу 7 гадзінаў. Еўрарадыё шчыра дзякуе за падтрымку калегам па інфармацыйнай прасторы! Відэа гэтай размовы глядзіце крыху ніжэй.

17.00 Пасля вызвалення Віталь Ругайн спачатку доўга размаўляе з супрацоўнікам Упраўлення ўласнай бяспекі МУС, якое праводзіць праверку па факце затрымання журналіста Еўрарадыё і яго сябра. Першы час яго ахоўваюць двое канвойных. Але пасля яны сыходзяць.

16.30 Віталя вызвалілі ў зале суда. Аднак справу не закрылі, а накіравалі на дапрацоўку — міліцыянты маюць пяць дзён, каб знайсці доказы вінаватасці Ругайна. Калі знойдуць, то адбудзецца новае судовае паседжанне. Калі ж не — справу закрыюць.

16.00 Аказалася, што у працэсе адбыўся чарговы перапынак, ён яшчэ не завершаны. Зараз суд аднаўляецца.

15.45 Суддзя Ткачова выйшла з пакою і накіравалася некуды разам з намеснікам кіраўніка Цэнтральнага РУУС, чые падначаленыя затрымлівалі Ругайна і сведчылі супраць яго.

15.40 Суддзя накіравалася ў пакой для прыняцця судовых рашэнняў. Ругайн чакае прысуду на калідоры. Яго ахоўваюць чатыры міліцыянта, але калегі змаглі перадаць журналісту некалькі булак, каб ён мог паесці.

15.15 Суддзя апытала ўжо траіх сведкаў-міліцыянтаў. Сябру Віталя Ругайна, які на судзе мог бы падцвердзіць яго невінаватасць, не далі даведкі, што ён быў менавіта на працэсе. Зараз ён на працы, у суд яго не адпускае начальнік.

14.30 Супрацоўнікі міліцыі цалкам кантралююць сітуацыю ў судзе над Ругайнам. Дзверы ў кабінет суддзі не закрытыя, аднак любая спроба трапіць туды спыняецца міліцыянтамі -- яны проста трымаюць дзверы і не дазваляюць іх адкрыць. Журналісты Еўрарадыё налічылі 7 міліцыянтаў, якія такім чынам удзельнічаюць у працэсе.

14.00 Працэс аднавіўся. Віталя судзяць проста ў кабінеце суддзі. Журналістаў туды не дапусцілі, прайсці змог толькі адвакат.

13.00. Суд над Віталём Ругайнам пачнецца а 14-й у судзе Цэнтральнага раёна. Цяпер у судзе перапынак.

12.40. Суд яшчэ не пачаўся. Ужо вядома, што судзіць Віталя будзе Таццяна Ткачова, якая 120726 SvjardlouS.mp3

12.00. У суд Цэнтральнага раёна (вуліца Кірава, 21) прывезлі журналіста Еўрарадыё Віталя Ругайна. Пакуль ён сядзіць у міліцэйскай машыне, у будынак яго не заводзяць. Каля суда знаходзяцца журналісты Еўрарадыё і іншых СМІ, сястра Віталя.

Раніцай меркавалася, што Віталя прывязуць у Ленінскі суд, аднак пасля стала вядома, што яго павезлі ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.

***

Як стала вядома, Ругайн быў затрыманы ўвечары 25 ліпеня на вуліцы Гарадскі Вал у раёне пажарнай часткі. Затрыманне праводзіла група міліцыянтаў у цывільным.

Пра тое, што Віталь Ругайн знаходзіцца на Акрэсціна, позна вечарам 25 ліпеня яго маці паведамілі ў Ленінскім РУУС. Высветлілася, што на журналіста склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і адвезлі чакаць суда ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Цалкам магчыма, пратакол складзены і на яго сябра Сяргея Куракова, які быў з журналістам у момант затрымання. Акалiчнасцi затрымання пакуль невядомыя.

Нагадаем, спачатку ў Ленінскім РУУС не пацвярджалі інфармацыю, што Віталь Ругайн знаходзіцца ў іх. Аднак Еўрарадыё гэта пацвердзіў сведка, які бачыў там Віталя пасля 19-й гадзіны (ён патэлефанаваў у рэдакцыю). Таксама Ругайн паспеў патэлефанаваць аднаму з нашых супрацоўнікаў. Былі чутны яго словы: "Вы сказалі, што вязеце мяне ў Цэнтральны РУУС, а чаму вязеце ў Ленінскі?". Пасля гэтага сувязь абарвалася, яго тэлефон быў недаступны.

Каля 20.30 журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў пабываў у Ленінскім РУУС, аднак там сказалі, што ў іх няма Віталя Ругайна. Праз гадзіну тое самае Свярдлоў пачуў і ў Цэнтральным РУУС. Сваякам Віталя Ругайна ў Ленінскім РУУС спачатку сказалі, што яго там няма, а пасля дадалі, што ў іх ёсць "некалькі чалавек, якіх яшчэ не аформілі".

Віталя затрымалі 25 ліпеня ў дзень народзінаў, яму споўнілася 25 гадоў.

Раніцай 24 ліпеня журналіст Віталь Ругайн, якога месяц таму спрабавалі затрымаць ля рэдакцыі Еўрарадыё, паспрабаваў вярнуцца ў Беларусь. З Вільні ў Мінск ён ехаў цягніком. У Гудагаі яго знялі. Пасля мытнага дагляду ў Віталя забралі пашпарт, ноўтбук, але пасля ўсё вярнулі і яго адпусцілі. Журналіст Еўрарадыё у аўторак прыехаў у Мінск.

Нагадаем, пасля затрымання 22 чэрвеня журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова, невядомыя ў цывільным чакалі каля офіса Віталя Ругайна (яны паказвалі фотаздымак журналіста вахцёру). Аднак з дапамогай журналістаў іншых СМІ, якія прыйшлі ў офіс Еўрарадыё, тады Ругайну ўдалося застацца на волі і з'ехаць з краіны ў Польшчу. 

Еўрарадыё рабіла рэпартаж з мінскага метро, у часе падрыхтоўкі якога журналісты прайшліся па падземцы з цяжкой валізкай, і на іх ніхто не звярнуў увагі. Затрыманне Паўла Свярдлова (ён адсядзеў 15 сутак арышту), а цяпер і Віталя Ругайна, магло стаць своеасаблівай помстай.

Фота: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі