Вячаслаў Дзіянаў сыходзіць з праграмы Каліноўскага
Адзін з каардынатараў групы РПСС хоча прысвяціць сябе дзейнасці "ў сферы інфарматыкі". Адначасна абвясціў пра стварэнне рады па масавых пратэстах.
Еўрарадыё: Цяпер вы знаходзіцеся ў Польшчы. Ці плануеце вяртацца ў Беларусь?
Дзіянаў: “Зараз вельмі шмат часу я затрачваю на стасункі з беларусамі ў рэжыме онлайн. Але вучоба таксама патрабуе шмат часу. Таму я альбо буду шукаць нейкую іншую навучальную праграму, чым праграма Каліноўскага, больш дыстанцыйную, завочную праграму, якая дасць мне больш вольнага часу, альбо буду шукаць нейкую працу ў сферы інфарматыкі. Маё вяртанне ў Беларусь пакуль непажаданае. У тым ліку і для мяне”.
Еўрарадыё: Як вы самі прызнаеце, маўклівыя акцыі цяпер ідуць на спад. Нядаўна вы прапанавалі стварыць Раду, праз якую будзеце абмяркоўваць, што і як рабіць далей. У гэтую Раду вы запрашалі палітыкаў, палітолагаў, аналітыкаў. Ці хто-небудзь з іх ужо выказаў цікавасць далучыцца да гэтай Рады?
Дзіянаў: “Так, нам пішуць дастаткова вядомыя людзі, сярод якіх і палітыкі, і грамадскія дзеячы. Яны хочуць далучыцца да скайп-групы, у якой будуць праходзіць абмеркаванні на палітычныя тэмы і ў якой будуць абмяркоўвацца будучыя дзеянні”.
Еўрарадыё: Ці можаце назваць хаця б некалькі вядомых прозвішчаў?
Дзіянаў: “Агучыць імёны мы зможам толькі пасля першай скайп-канферэнцыі. Канечне, калі гэтыя людзі захочуць, каб іх імёны былі публічна агучаныя, альбо калі яны самі іх назавуць.”
Еўрарадыё: Нашыя журналісты запыталіся ў Някляева, ці цікавіць яго такая перспектыва? На гэта экс-кандыдат у прэзідэнты адказаў, што арганізатараў могуць прыцягнуць да адказнасці.
Дзіянаў: “Адна справа браць на сябе арганізацыю акцыі, а іншае – кардынаваць дзеянне людзей. Мяркую, што кожны сам для сябе вырашае, ці гатовы ён удзельнічаць у гэтых акцыях і ці гатовы падключыцца да іх”.
Еўрарадыё: Складвалася ўражанне, што акцыі пратэсту вы рабілі таму, што апазіцыя не ў стане іх рабіць, але цяпер вы запрашаеце тых самых апазіцыянераў да супрацоўніцтва. Чаму?
Дзіянаў: “Мы звярнуліся да грамадства ў цэлым, а не да апазіцыянераў. Перш за ўсё, мы звярталіся да карыстальнікаў інтэрнэта. Бо мы ўсе разам павінны абмяркоўваць нашую стратэгію і вырашаць, як нам дзейнічаць у цяперашніх умовах і як рыхтавацца да восеньскіх пратэстаў”.
Еўрарадыё: А калі б інтэрнэта не было ўвогуле, ці рызыкнулі б вы пратэставаць?
Дзіянаў: “Калі б не было інтэрнэта, былі б нейкія іншыя сродкі сувязі. Можа пошта, можа паштовыя галубы”.
Еўрарадыё: Здаецца, што калі людзі ўбачылі, што за маўклівымі акцыямі хтосьці стаіць, што ў іх ёсць нейкія арганізатары, кіраўнікі, акцыі пайшлі на спад. Як вы можаце гэта патлумачыць?
Дзіянаў: “Насамрэч усе ўсё ведалі і раней, хто за ўсім гэтым стаіць, а самі акцыі пайшлі на спад значна пазней”.