Вядучы АНТ ідзе на выбары, бо марыць аб збліжэнні з Лацінскай Амерыкай

120723 Luka6uk_Kandydaty.mp3

Вядучага праграмы “Как есть” Аляксея Міхальчанку да барацьбы за дэпутацкі мандат падштурхоўвае “свядомае жаданне займацца палітыкай і заканатворчасцю”. Як нечакана даведалася Еўрарадыё, гэта не першая яго спроба трапіць у парламент. Чатыры гады таму нават ініцыятыўную групу Міхальчанкі не зарэгістравалі. Зараз усё інакш: група збірае подпісы ў Полацку, а сам будучы кандыдат ужо ведае, на што найперш будзе звяртаць увагу ў якасці парламентарыя.


Аляксей Міхальчанка: “Я бы хацеў і гатовы папрацаваць над збліжэннем парламенцкіх сістэм нашай краіны і Паўднёвай Амерыкі. Гэта тое, што можна рабіць на міжнародным узроўні, працуючы ў парламенце. Мяне вельмі цікавяць некаторыя экалагічныя ініцыятывы. Ёсць пытанні па дэбюракратызацыі — у гэтым накірунку давядзецца моцна папрацаваць і хочацца”.


Жаданне стаць дэпутатам не змяншаецца нават ад разумення таго, што зарабляць у Авальнай зале Міхальчанка будзе менш, чым на АНТ. З тэлебачання яму давядзецца сысці.


Аляксей Міхальчанка: “У тым выпадку, калі мяне абяруць, я згублю ў заробку”.


Як раней паведамляла Еўрарадыё, сёння дэпутаты парламента атрымліваюць каля 800 долараў.


З якой праграмай ён пойдзе да выбаршчыкаў, Міхальчанка пакуль не кажа. Маральна гатовы на экраны не вяртацца — трэба, разважае, на новы ўзровень пераходзіць.


Аб новым узроўні марыць і яшчэ адзін супрацоўнік АНТ — Жан Содаль. Трамплінам для скачку на гэты ўзровень тэлевядучы абраў сабе Каліноўскую акругу сталіцы. Але адказваць на пытанні пагаджаецца толькі... у пісьмовым выглядзе. Чакаем яго сустрэч з выбаршчыкамі!


Намеснік дырэктара хакейнага клуба “Шыннік” Максім Суботкін вырашыў ісці ў парламент, таму што “мы жывём у квітнеючай дзяржаве, але шмат у чым залежым ад розных знешніх фактараў”.


Максім Суботкін: “У мяне ёсць вялікае жаданне дапамагаць ураду і выканаўчай уладзе ў рэалізацыі тых ідэй і задач, якія пастаўленыя прэзідэнтам, і аказваць дапамогу на парламенцкім узроўні ў абароне інтарэсаў нашай дзяржаве на знешніх рубяжах”.


Абмяркоўваць будучую агітацыйную кампанію прадстаўнік хакейнага клуба лічыць заўчасным. У парламенце хоча найперш займацца адстойваннем эканамічных інтарэсаў краіны на знешніх рынках. З хакейным клубам у выпадку свайго абрання гатовы развітацца. Хаця таксама прызнаецца, што па грошах дэпутацкі заробак прайграе сённяшняму заробку намесніка дырэктара бабруйскага “Шынніка”.


Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч удзельнічае ў сёлетняй кампаніі, таму што... і парламент у нас нічога не вырашае, і выбараў у нас няма! Чаго ж ідзе?


Аляксандр Мілінкевіч: “Гэта дэманстрацыя таго, што мы не памерлі, што мы ёсць, у нас ёсць ідэі, у нас ёсць праграмы. Гэтыя праграмы рэалізоўваліся ў розных краінах — ёсць прыклады пазітыўныя і негатыўныя. І мы паказваем, што і мы мусім так: чаму мы, адзіная краіна ў Еўропе, не робім рэформы? Я лічу, што такі паход важны нават для падняцця настрою і для фармавання такой пазітыўнай сілы”.


Ён сцвярджае, што не баіцца не толькі застацца адзіным дэмакратычным кандыдатам, які пойдзе да канца, але стаць адзіным апазіцыянерам у парламенце. Дэпутат Мілінкевіч хоча арыентавацца на працу з замежжам.


Аляксандр Мілінкевіч: “Зрабіць максімальна для таго, каб Беларусь мела шанец на еўрапейскую дарогу. Тут мая роля значная — так лёс склаўся, што я вядомы чалавек у Еўропе і магу прынесці шмат карысці ў кантактах сваіх, у сваім досведзе”.


Да ўсяго, прынясе ў парламент “Народную праграму”, у распрацоўцы якой узялі ўдзел выбітныя эксперты — эканамісты, палітолагі, юрысты, прадпрымальнікі...


Дарэчы, хутка ў Мілінкевіча дзень народзінаў — палітыку стукне 65. Узрост, калі і рабочы, і чыноўнік паводле закону мусіць ісці на пенсію. Але, упэўнівае палітык, ён сябе на 65 не адчувае, мае светлы розум і добрую памяць. А маладым дарогу саступіць, калі адчуе, што час гэта зрабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі