Рэпрэсіі ў Беларусі: у студзені штодня затрымлівалі 10 чалавек

Рэпрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі не змянілася, але яна не можа працягвацца бясконца

Рэпрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі не змянілася, але яна не можа працягвацца бясконца / novychas.online

Па ўсёй Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, у краіне па-ранейшаму насаджаецца атмасфера страху, пішуць у справаздачы беларускія праваабаронцы. Яны падвялі вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені 2024-га. Было не менш за 560 фактаў рэпрэсій. З іх як мінімум 310 — затрыманні. Атрымліваецца, што ў студзені штодня затрымлівалі 10 чалавек.

Таксама ў мінулым месяцы было як мінімум 349 адміністрацыйных працэсаў па палітычных матывах. Вядома пра 46 прызначаных судамі адміністрацыйных арыштаў (агулам 512 сутак) і 77 штрафаў (агулам 64,4 тысячы рублёў).

На 31 студзеня ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1429 палітвязняў. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 28 чалавек. У ноч з 8 на 9 студзеня ў калоніі памёр палітычны зняволены — 50-гадовы Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за некалькі ахвяраванняў ініцыятывам, абвешчаным у РБ "экстрэмісцкімі". Праваабаронцы патрабуюць правесці расследаванне абставін яго смерці.

У РБ пачалі судзіць "за палітыку" па артыкуле, які дагэтуль не выкарыстоўваўся. Гэта — "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі