Затрыманых на шклозаводзе "Нёман" мужчын асудзілі на 15 сутак арышту
Людзей выводзілі з прадпрыемства "паказальна ў кайданках" (ілюстрацыйнае фота)
Затрыманых на шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы ў Лідскім раёне мужчын асудзілі на 15 сутак арышту. Жанчыны атрымалі вялікі штраф — па 1200 рублёў.
Пра затрыманне 5 працаўнікоў прадпрыемства стала вядома 30 студзеня. Пазней высветлілася, што іх было 7 чалавек (4 жанчыны і 3 мужчын). Іх прызналі вінаватымі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Затрыманне адбывалася наступным чынам. Працаўнікоў шклозавода са спісу выклікалі па адным да начальніка аховы. Там ім паказвалі, дзе яны лайкалі і на што "экстрэмісцкае" падпісаны. Жанчынам надзявалі кайданкі на рукі спераду, а мужчынам — за спінаю.
Як стала вядома праваабаронцам, арыштаваных мужчын возяць у вёску Сцеркава перабіраць смецце на палігоне бытавых адходаў.
Падобныя рэйды сілавікоў на прадпрыемстве ў Бярозаўцы неаднаразова адбываліся ў мінулым годзе, былі затрыманыя дзясяткі чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.