Reuters: Ціханоўская сярод найбольш верагодных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру
Нарвежскія эксперты называюць лідарку беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую адной з найбольш верагодных лаўрэатак Нобелеўскай прэміі міру. Побач з экалагічнай актывісткай Грэтай Тунберг і "Рэпарцёрамі без межаў".
"Гэта будзе прэмія, якая знойдзе водгук ва ўсім свеце", — сказаў Reuters дырэктар Інстытута даследванняў праблем міру ў Осла Хенрык Урдал.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру будзе абвешчаны ў Осла 8 кастрычніка. Ён атрымае 1 мільён долараў.
Лаўрэат выбіраецца камісіяй з пяці чалавек, якіх прызначае нарвежскі парламент.
Святлане Ціханоўскай 39 гадоў. У 2020-м яна зарэгістравалася кандыдатам у прэзідэнты Беларусі пасля таго, як да выбараў не дапусцілі яе мужа Сяргея Ціханоўскага. Ціханоўская збірала вялізныя мітынгі па ўсёй краіне. Не дзіўна, што многія перакананыя ў яе перамозе на выбарах (у жніўні 2020-га на прадпрыемствах працоўныя дэманстравалі, што абсалютная большасць галасавала за Святлану Ціханоўскую). З мінулага года Ціханоўская з дзецьмі жыве за мяжой і з'яўляецца лідарам дэмакратычнага руху. Яе муж з траўня 2020-га знаходзіцца ў зняволенні, прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.