“Рок за Баброў”: 12 гадзін музыкі і чэргаў за півам і ў туалет (фота)
“Рок за Баброў” вяртаецца на фестывальнае поле Беларусі праз паўзу ў два гады. Праўда, не бясплатным, як заўсёды, а за 25 рублёў, і з узроставымі абмежаваннямі 18+, што таксама некалькі нечакана.
З навінак — і нязвыклы для фэсту лайн-ап. Раней “Бабры” прасоўваюць збольшага беларускія гурты, а ў фінале даюць некалькі замежных хэдланераў. Сёлета ж вырашаюць зрабіць 50Х50, прычым, беларускім камандам, сярод якіх і лідары сучаснага року, — Akute, Nizkiz, “Мутнаевока”, “Без Білета”, The Superboyz, — дастаецца толькі роля “разагрэву” украінскіх і расійскіх зорак.
Цікава, што адзін з дзяржаўных тэлеканалаў пачынае здымаць канцэрт менавіта пасля заключнага акорда “беларускага блоку”, якім становіцца песня “Радзіма мая дарагая” у харавым выкананні большасці беларускіх удзельнікаў.
Аднак на "беларускі" пункцік, які крыху шкрабе, увагі асабліва ніхто не звяртае. Публіка проста добра бавіць час, хоць і знаходзіцца ў межах знакамітых турнікетаў і немагчымасці вярнуцца на фэст, калі, раптам, вельмі захочыцца выйсці.
“Мне падаецца, што публіка, як і я, хоча крыху свабоды, — мяркуе лідар The Superboyz Алесь-Францішак Мышкевіч у цішотцы з Кастусём Каліноўскім. — Як і на фэстах у цывілізаваным свеце, мы таксама хочам адчуваць тут сябе вольнымі ад нейкіх побытавых прамлем, палітыкі і мілітарыстычных справаў. Быць свабоднымі і быць разам: цалавацца, танчыць, спяваць любімыя песні і сябраваць".
Затое выступы замежных гасцей збіраюць у выніку каля 15 тысяч гледачоў. Праўда, не скажаш, што публіцы на “Бабрах” занадта салодка: стаяць у фуд-зоне за півам можна цягам сэту Noize MC, падчас выступу “Пятніцы” — выпіць і з’есці ўсё, што набылі, а потым пад “Воплі Відаплясава” “адрывацца” ў кіламетровай чарзе ў прыбіральню.
“Я месяц “пахаў”, тры маторы парэмантаваў, каб сюды прыехаць і ўсё “спусціць”, — прыслухоўваюся ў чарзе за ежай да размовы хлопца з Наваполацка і мінчаніна. — Мне падавалася, што ўсіх, хто сюды прыйшоў, мусіць яднаць нейкая адна ідэя. Падышлі да століка з жонкай, папрасілі прысесці побач з такімі ж наведвальнікамі — і ніякага яднання пакуль не адчулі… Ну а гэтыя гурты, што граюць, я не чуў ніколі (справа адбываецца акурат на фоне выступу “Мутнагавока”), але вунь людзі пад іх танчаць, значыць, яны чагосьці вартыя”.
Апроч выпіць піва і спяваць разам з Іванам Аляксеевым ці Алегам Скрыпкам, на “Року за Баброў” можна заняцца тым жа, чым і на большасці цяперашніх оўпэн-эйраў: пагуляць у бадмінтон і фрысбі, наведаць барбешоп і атракцыёны і проста паваляцца на траве. Пазней, назіраць за тым жа Аляксеевым, які сядзіць побач і слухае калег. Ці той жа Бабкін, які з жонкай і Андрэем Запарожцам пад сцэнай спявае ўсе песні “Брава”.
Еўрарадыё запыталася ў наведвальнікаў фэсту, што ўсё ж іх аб’ядновае з астатнімі гледачамі.
“Мы вельмі любім Noize MC, і ў мяне сёння дзявочнік. Гэта мяне і яднае з усімі, хто сюды прыйшоў. Яшчэ любім “Мумій Троль”. А з беларускіх — “Без Білета” — вось такі гурт!”, — 21-гадовая будучая жонка Юля з сяброўкамі пазіруе перад камерамі.
Тамара з мужам фанаты "Мумій Троля":
“Радасць, шчасце і лета нас усіх аб'ядноўваюць! Прыйшлі на “Мумій Троль”, які падабаецца з 95-га года”.
Для Олінай дачушкі "Рок за Баброў" — не першы фестываль. Надоечы шасцімесячная дзяўчынка з бацькамі ездзіла на Red Hot Chili Peppers у Гдыню на "оўпэн-эйр-фестываль".
А вось Аля і Таня хоць і кажуць, што іх з публікай яднае перадусім любоў да рок-музыкі, сваімі вобразамі вырашылі ўнесці фолк-ноту ў рок-фэст і падтрымаць украінскія гурты.
Натуральна, што ўкласціся ў 10 гадзін з 10-цю гуртамі праблематычна. Таму выступы каманд па-ціху пасоўваюцца. І Ілля Лагуценка ў фантастычнай сукенцы з "Мумій Тролем", заяўленыя ў 22.00, выходзяць на сцэну "Року за Баброў" пасля поўначы.