Рух "За Свабоду" прапануе ўладзе аб'яднацца на Маршы Незалежнасці

У каментары Еўрарадыё першы намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч адзначыў, што сёння тэма незалежнасці нашай краіны набыла асаблівую значнасць. Найперш на гэта паўплывалі ўкраінскія падзеі.



Губарэвіч: "Учора ў сваім пасланні да беларускага грамадства і парламента Аляксандр Лукашэнка шмат часу надаў гэтай тэме. Упершыню, напэўна, за апошнія 20 год ён паўтарыў тыя тэзісы, якія заўсёды казала беларуская апазіцыя. Мы лічым, што якраз сёння — спрыяльны момант для кансалідацыі беларускага грамадства — нягледзячы, у якім лагеры знаходзяцца грамадзяне Беларусі — ці яны падтрымліваюць апазіцыю, ці дзеючую ўладу".



Па словах Губарэвіча, за апошнія 20 гадоў вырасла пакаленне, якое атаясамлівае незалежнасць Беларусі з цяперашняй сімволікай. Аднак ёсць шмат і тых, хто разумее важнасць гістарычных сімвалаў. Таму на акцыі, кажа палітык, будуць чакаць і першых, і другіх.



Плануецца, што Марш Незалежнасці пройдзе ад Нацыянальнай бібліятэкі па праезнай частцы праспекту Незалежнасці да плошчы Незалежнасці. Там мяркуецца правесці мітынг.



Арганізатары вядуць перамовы з іншымі нацыянальнымі структурамі. У прыватнасці, ужо ёсць прапановы аргкамітэту БХД і Партыі БНФ.



Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі