Санкцыі працуюць? Навошта Беларусбанк увёў крэдыт на тавары пад 4%
Новы крэдыт для беларусаў
Беларусбанк прапанаваў новы спажывецкі крэдыт на куплю тавараў беларускай вытворчасці. Такія крэдыты выдаваліся і раней, але пад 11,5-12,5%, а не пад 4%, як у новай прапанове. Пагадзіцеся, прывабна?
Яшчэ адна асаблівасць новага крэдыту ў тым, што быў прадстаўлены пэўны спіс прадпрыемстваў, прадукцыю якіх можна будзе купіць. Там ёсць і буйныя вытворцы, такія як МТЗ, "Атлант" і "Амкадор", і малавядомыя. Цікава і тое, што большасць з іх займаецца дрэваапрацоўкай.
Што значыць з'яўленне такога крэдыту? Ці можа гэта быць звязана з падтрымкай нерэнтабельных прадпрыемстваў? Шукаем адказы на гэтыя пытанні.
Прадукцыі на складах стала больш
Праз накладзеныя на Беларусь санкцыі прадукцыя многіх прадпрыемстваў перастала пастаўляцца ў краіны Заходняй Еўропы. Асноўнымі рынкамі збыту для беларускай прамысловасці сталі Расія, Кітай і краіны СНД.
Відаць, праз відавочнае зніжэнне попыту многія прадпрыемствы пачалі цярпець, і вырабленыя тавары цяпер ляжаць на складах.
Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прадукцыі вырабаў з дрэва і паперы на складах у 2022 годзе склалі больш за 460 тысяч адзінак, што амаль удвая больш, чым на канец 2021 года. Звестак за 2023 год няма.
Такая карціна назіраецца і з вытворчасцю электраабсталявання: 205 тысяч адзінак на складах у 2022-м супраць 132 тысяч у 2021-м.
А агульная колькасць вырабленых тавараў, якія захоўваюцца на складах, вырасла з 6 да 8 мільёнаў адзінак!
Акрамя гэтага, паводле таго ж Белстата, у 2023 годзе беларусы купілі толькі 38% айчыннай прадукцыі, рэшта — замежная.
Мы не можам сцвярджаць, што арганізацыі, прадстаўленыя ў спісе Беларусбанка, працуюць сабе ў страту, але праблемы, відаць, у іх ёсць. Распрадаць свае тавары пад вельмі маленькі працэнт унутранаму спажыўцу? Чаму б і не. Цікава толькі, якая выгада ў самога банка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.