Савет ЕС зацвердзіў бязвізавы рэжым для Украіны
Савет Еўрапейскага Саюза канчаткова зацвердзіў рашэнне пра бязвізавы рэжым з Украінай. У заканадаўчым акце Еўрапейскага парламента і Савета гаворыцца аб "вызваленні ад візаў грамадзян ЕС падчас паездак у Украіну і ўкраінскіх уладальнікаў біяметрычных пашпартоў падчас паездак у ЕС".
Паводле УНІАН, адпаведнае рашэнне было прынятае сёння ў Бруселі падчас няпрофільнага пасяджэння Савета ЕС па пытаннях сельскай гаспадаркі і рыбалоўства.
17 траўня гэты дакумент мусяць падпісаць прэзідэнты Еўрапарламента і Савета ЕС. Пасля падпісання закон абнародуюць у Афіцыйным часопісе ЕС, і ён набудзе моц праз 20 дзён.
Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка казаў, што чакае бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам 11 чэрвеня.