Сем цікавых беларускіх фільмаў. Расказваем, што за яны і дзе іх паглядзець

Аўтарскае кіно на любы густ

Аўтарскае кіно на любы густ / @rubanau_collage

Надоечы споўніўся год з моманту стварэння сэрвіса Vodblisk — анлайн-кінатэатра незалежнага ад дзяржавы беларускага кіно, створанага арганізатарамі кінафестывалю “Паўночнае ззянне”. За гэты час на ім з’явілася некалькі дзясяткаў фільмаў розных аўтараў.

Пра лепшыя сем ігравых прац, якія, дарэчы, на тэрыторыі Беларусі можна паглядзець бясплатна, мы сёння і раскажам. Жміце на падзагаловак, ён клікабельны — і пагналі!

“II” (“Два”), рэжысёрка Улада Сянькова (2019 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Два" Улады Сяньковай / Northern Lights Film Festival

16-гадовыя Насця, Саша і Крысціна вучацца разам у 10 класе ў беларускім горадзе, ходзяць у кіно і на вечарыны — і збіраюцца паступаць у ВНУ. Але нечаканая падзея цалкам змяняе планы падлеткаў. 

Стужка Улады Сяньковай апавядае не толькі пра праблемы сталічных падлеткаў-старшакласнікаў, а бярэ шырэй — аналізуе межы прымальнага кансерватыўнага беларускага грамадства. Сярод паднятых аўтаркай тэм — булінг у школе, дыскрымінацыя ЛГБТК+, секс і недахоп сексуальнай адукацыі. 

“Для мяне гэта праект аб недахопе сексуальнай адукацыі ў маёй і суседніх краінах. Аб недахопе адукацыі, перш за ўсё, у дарослых, ад якіх ідзе ўся агрэсія і невуцтва”, — дзялілася думкамі Улада Сянькова пасля прэм'еры фільма ў 2019 годзе.

“Крышталь”, рэжысёрка Дар’я Жук (2018 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Крышталь" Дар'і Жук / Northern Lights Film Festival

Рэфлексіўная гісторыя дыджэйкі Велі, якая марыла з'ехаць з Мінска ўзору 1996 года ў Чыкага, на радзіму яе ўлюблёнага стылю музычнай музыкі, знойдзе водгук і ў тых, хто ведае, што такое эміграцыя з радзімы і адчувае настальгію па ўтульнай, але спарахнелай постсавецкай рэчаіснасці.

Рэжысёрка Дар'я Жук у адным з інтэрв'ю адзначала, што яе фільм не проста пра 90-я, а канкрэтна пра 1996-ы, пра гістарычны момант для Беларусі, калі яна пачала рухацца па сцежцы дыктатуры.

Здымкі фільма праходзілі ў Беларусі. Над стужкай працавала міжнародная здымачная група, а галоўныя ролі выканалі Аліна Насібуліна, Іван Мулін і былая акторка купалаўскага тэатра Святлана Анікей. У эпізадычнай ролі фільма з'яўляецца спявак Хаскі, які падтрымаў ваенную агрэсію Расіі ва Украіне. 

“Возера радасці”, рэжысёр Аляксей Палуян (2019 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Возера радасці" Аляксея Палуяна / Northern Lights Film Festival

Дзевяцігадовая дзяўчынка Яся, якая цяжка перажывае смерць маці, з’язджае жыць у інтэрнат. Але аднойчы дзяўчынка збягае, каб вярнуцца дадому, да бацькі.

Стужка «Возера радасці» здымалася паводле аднайменнага рамана беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча і сапраўднай сямейнай гісторыі — бацька рэжысёра таксама, як і гераіня Яся, выхоўваўся ў інтэрнаце, куды ягоны бацька адправіў яго пасля смерці маці.

Аляксей Палуян не раз падкрэсліваў, наколькі гэты фільм асаблівы для яго: “Я жадаў расказаць драму пра моцнага чалавека, які ў дзевяць гадоў адважваецца будаваць свой шлях самастойна. Таму для мяне было важна, каб галоўную ролю выканала дзіця з інтэрната. Мне пашчасціла сустрэць Насцю Пляц у магілёўскім інтэрнаце. Яна паверыла мне і прыадкрыла часцінку свайго глыбокага свету”.

“Сябры па перапісцы”, рэжысёрка Нэла Агрэніч (2017 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Сябры па перапісцы" Нэлы Агрэніч / Northern Lights Film Festival

Юнакі Антон і Ліза знаёмыя ўжо год і закаханыя адзін у аднаго. Але камунікуюць яны толькі праз сацыяльныя сеткі, бо жывуць у розных краінах. На гадавіну іх адносін Антон вырашае прыехаць да Лізы і перавесці іх адносіны ў афлайн. 

Нэла Агрэніч пачынала будаваць сваю кінакар’еру як кінематаграфістка шырокага профілю: як акторка, сцэнарыстка і рэжысёрка. Цяпер дзяўчына засяродзілася менавіта на стварэнні кіно, дзеля чаго Нэла эмігравала і актыўна шукае сябе ў польскай кінавытворчасці. Яе папярэднія стужкі ўдзельнічалі і перамагалі ў міжнародных кінафестывалях кароткаметражнага кіно ў Германіі, Казахстане, Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіне, Арменіі і інш. 

“Баба, Ваня і каза”, рэжысёрка Дар’я Юркевіч (2014 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Баба, Ваня і каза" Дар'і Юркевіч / Northern Lights Film Festival

Стужка адлюстроўвае жыццё ў вёсцы з крытычным рэалізмам, расказваючы гісторыю бабулі Сімы, якая хвалюецца за будучыню сына з алкагольнай залежнасцю і спрабуе змагацца са сваёй суседкай Глашай, якая варыць і прадае самагон у вёсцы.

Дэбютная ігравая праца рэжысёркі Дар’і Юркевіч, якую больш ведаюць як аўтарку дакументальных стужак (“Пасха Хрыстова”, “Нябачны рай”), адбылася на кінафестывалі ў Клермон-Феране і была паказаная на каля 30 міжнародных фестывалях па ўсім свеце.

У 2021 годзе Дар’я атрымала стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы пад кіраўніцтвам рэжысёра, намінаванага на “Оскар”, Марцэля Лазінскага.

“Дачка”, рэжысёрка Мара Тамковіч (2018 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Дачка" Мары Тамковіч / Northern Lights Film Festival

У дзень шаснаццацігоддзя сваёй дачкі Камілы Пётр прыходзіць дадому і знаходзіць яе ў крыві і без прытомнасці. З таго моманту жыццё іх сям’і цалкам змяняецца.

“Дачка” па апісанні можа выглядае як сямейная драма, але насамрэч яна закранае адразу некалькі вострых сацыяльных праблем: гвалт, правы жанчын у Польшчы, бюракратыя, бяссілле «маленькага чалавека» перад выпрацаванай гадамі сістэмай.

Не змяняючы сваёй прамалінейнасці як у фільме, так і па-за ім, у адным з інтэрв'ю Мара Тамковіч адзначае: “Дачка” — гэта маё аўтарскае выказванне на тэму бацькоўства і правоў жанчын”.

“Беларускі псіхапат”, рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі (2015 год)

Афіцыйны трэйлер фільма "Беларускі псіхапат" Мікіты Лаўрэцкага / Northern Lights Film Festival

Мікіта Лаўрэцкі спецыялізуецца на здымках кіно амаль без бюджэту, дзякуючы чаму выпускае новыя працы па некалькі разоў на год і справядліва лічыцца адным з самых “плённых” беларускіх рэжысёраў.

“Беларускі псіхапат” расказвае пра Дзіму, які з нагоды свайго дня нараджэння вырашае зладзіць вечарынку, галоўная мэта якой — пазбавіцца цнатлівасці. 

Як кажа сам аўтар, яго фільм — вольны перанос на беларускую глебу маніфеста амерыканскага масавага стралка Эліята Роджэра. Лаўрэцкі задаўся пытаннем: што будзе, калі на адной дачы пакінуць інцэла-псіхапата і трох малазнаёмых дзяўчын? У адказе на яго глядач убачыць нетыповае і своеасаблівае, але арыгінальна зробленае кіно, якое прымушае даглядзець, каб даведацца, што будзе ў канцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі