Шаўцоў: Беларусь не зможа адыграць ролю Швейцарыі ў нашым рэгіёне
Такое меркаванне выказаў у гутарцы з Еўрарадыё палітолаг Юрый Шаўцоў.
16 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву аб абароне краіны. У сваёй прамове з гэтай нагоды ён крытычна выказаўся пра сітуацыю вакол Беларусі. Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў не толькі сітуацыю ва Украіне ды на заходнім напрамку, але і Расію.
Палітолаг Юрый Шаўцоў у каментары Еўрарадыё адзначыў, што Беларусь сапраўды апынулася ў не вельмі спрыяльным атачэнні.
Шаўцоў: "Беларусь сёння ў нашым рэгіёне сапраўды аточаная краінамі, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі. Ва Украіне сапраўды вайна... Мы бачым, што адбываецца цяпер у Расіі ў эканоміцы. І яна так ці інакш вельмі глыбока ўцягнутая ва ўкраінскую вайну. У краінах Балтыі паніка, бо шмат хто чакае, што яны будуць наступнымі пасля Украіны".
У канфліктнай сітуацыі, на думку эксперта, Беларусі не ўдасца выканаць ролю нейтральнай Швейцарыі і стаць пляцоўкай для перамоваў. Шаўцоў адзначае, што Швейцарыя вельмі мілітарызаваная краіна, якая вельмі доўга ішла да свайго цяперашняга статусу. Па яго словах, нейтральны статус Швейцарыі быў гарантаваны тым, што кожны агрэсар ведаў пра свае адчувальныя страты ў выпадку нападу на Швейцарыю. Таму да "швейцарскага варыянту" для Беларусі Шаўцоў ставіцца скептычна.
Фота — Белсат