Штэфан Фюле кажа, што размарозкі стасункаў з Мінскам не будзе
Прынамсі, пакуль у Беларусі ёсць палітвязні, пакуль яны не на свабодзе і не рэабілітаваныя.
Такую заяву зрабіў еўракамісар Штэфан Фюле падчас сустрэчы са старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.
У каментары Радыё "Свабода" Лябедзька распавёў, што вызваленне палітвязняў — гэта першы пункт стратэгіі Брусэля. Свабодныя і сумленныя выбары Еўрасаюз разглядае як галоўную ўмову для другога кроку.
Па словах Лябедзькі, чыноўнікі Еўрасаюза дастаткова спакойна ўспрынялі заяву Уладзіміра Макея пра гатоўнасць спрасціць візавы рэжым з ЕС. Нагадаем, што з такой заявай кіраўнік беларускага МЗС выступіў падчас нядаўняга віленскага саміту Усходняга партнёрства. Лябедзька адзначае са словаў Фюле, што з аналагічнай прапановай ЕС выступае з чэрвеня 2011 года і цяпер чакае не словаў, а дзеянняў.