Што такое “Белсат”, хто яго фундуе і чым яго хочуць замяніць

Што такое “Белсат”, хто яго фундуе і чым яго хочуць замяніць

Скарачэнне бюджэту тэлеканала “Белсат” не пакінула абыякавым нікога. Выказваюцца нават тыя, у каго ўжо 10 гадоў не працуе тэлевізар. Тэма грошай для “Белсата” перакрыла нават сэксісцкую рэкламу бялізны Mark Formelle, якую абмяркоўвалі тыдзень дагэтуль. Еўрарадыё сабрала для вас актуальную інфармацыю, па-першае, пра тое, што такое “Белсат”, чый гэта канал і хто яго фундуе, а па-другое, чаму і чым яго хоча замяніць польскі МЗС.

1. Што такое “Белсат”

“Белсат” — тэлеканал, які пазіцыянуе сябе як першы незалежны ў Беларусі. Ён пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 года — то бок, зусім нядаўна “Белсату” споўнілася 9 гадоў. Праект базуецца ў Польшчы, але ў працы канала ўдзельнічае шмат беларусаў: журналісты, вядоўцы, адміністратары, тэхнічныя спецыялісты. Незалежны тэлеканал не падабаецца беларускім уладам, і рэпарцёры “Белсата” неаднаразова атрымлівалі штрафы за нелегальную працу ў Беларусі без акрэдытацыі. У той жа час, адкрыць у Беларусі карэспандэнцкі пункт тэлеканал не можа.

Сёння “Белсат” транслюецца штодня ад 7-й раніцы па беларускім часе. Прымаць яго можна праз спадарожнік “Астра 4A”. Таксама ў канала ёсць інтэрнэт-вяшчанне праз сайт www.belsat.eu.

2. Чаму ўсе раптам пачалі абмяркоўваць фінансаванне "Белсата"

15 снежня польскі сайт wpolityce.pl са спасылкай на неназваную крыніцу напісаў, што ў 2017 годзе бюджэт "Белсата" будзе скарочаны ўтрая: з 4 мільёнаў долараў да 1,2 млн. "Ліквідацыя. Ці можна назваць гэта іначай?" — пракаментавала навіну дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўская-Гузы. Польскі МЗС паспяшаўся заявіць, што рашэнне аб фінансаванні "Белсата" яшчэ не прынятае. Але 18 верасня міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі пацвердзіў намер урада не проста пазбавіць "Белсат" 2/3 бюджэту, але і перафарматаваць канал.

3. Чаму польскі ўрад не задаволены "Белсатам" у цяперашнім выглядзе

Вітольд Вашчыкоўскі заявіў, што за 10 гадоў "Белсат" не атрымаў вялікага ўплыву на беларускае грамадства. "Тэлеканал зведаў ганенні, быў маргіналізаваны", — дадаў міністр. Сумная навіна пра бюджэт "Белсата" прыйшла літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як маршалак польскага Сейма Станіслаў Карчэўскі сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Што праўда, сенатар абверг чуткі пра тое, што Польшча гатовая ахвяраваць "Белсатам" за доступ польскага тэлеканала ў беларускія кабельныя сеткі: "Гэта выключна чуткі, гэта няпраўда. Не было ніякіх размоў на гэтую тэму. Не было ніякага палітычнага гандлю. Гэта няпраўда. Усе журналісты пра гэта ў мяне пыталіся".

Што такое “Белсат”, хто яго фундуе і чым яго хочуць замяніць
Станіслаў Карчэўскі. Фота: www.racyja.com

4. Чым плануецца замяніць "Белсат"

Замест "Белсата" МЗС Польшчы прапануе наладзіць на ўсю тэрыторыю Беларусі вяшчанне TVP Polonia. "Такім чынам беларускае грамадства змагло б пабачыць, як выглядае жыццё ў суседняй краіне, — мяркуе Вашчыкоўскі. — Яны [беларусы. — Еўрарадыё] будуць глядзець на Польшчу, як мы "за камунай" [падчас існавання СССР. — Еўрарадыё] глядзелі на Захад". Агнешка Рамашэўская-Гузы кажа, што канцэпцыя, апісаная міністрам, для яе "новая і нечаканая". "Дасюль у TVP дыскутавалі над канцэпцыяй стварэння адзінкі "TVP Zagranica" ("Замежжа"). Гэта мелася быць адзінка, што спалучала б каналы, якія транслююцца асобна і якія скіраваныя на гледача за межамі Польшчы", — канкрэтызавала дырэктар "Белсата", які таксама планавалася ўключыць у "TVP Zagranica". Паралельна яго рэдакцыя распачала б працу над новым каналам на рускай мове.

5. Які статус "Белсата" цяпер. Гэта дзяржаўны ці камерцыйны, беларускі ці польскі канал

"Белсат" — польская юрыдычная асоба. Але ўся місія канала грунтуецца вакол беларусаў. "Белсат" імкнецца "даць беларусам" інфармацыю, культурныя і забаўляльныя праграмы, прычым (і гэта таксама сёння прапісана ў місіі) абавязкова на беларускай мове.

Тэхнічна "Белсат" уваходзіць у структуру кампаніі Telewizja Polska S.A., што яднае польскіх грамадскіх вяшчальнікаў. Але канал не з'яўляецца польскім грамадскім вяшчальнікам. У той жа час, "Белсат" прыцягвае да супрацоўніцтва дзясяткі беларускіх журналістаў і тэхнічных спецыялістаў. У гэтым сэнсе канал — беларускі: робіцца беларусамі і для беларускай аўдыторыі.

Што такое “Белсат”, хто яго фундуе і чым яго хочуць замяніць
Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: www.tvpparlament.pl

6. Хто фінансуе "Белсат"

Агульны гадавы бюджэт "Белсата" — блізу 25 мільёнаў злотых (прыблізна 6 мільёнаў долараў). Па звестках Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, для тэлебачання гэта параўнальна невялікія грошы. "Наш [гадавы] бюджэт роўны бюджэту Russia Today на пяць дзён", — зазначае яна. У фінансаванні канала ўдзельнічаюць донары з розных краін, але асноўным яго фундатарам быў і застаецца МЗС Польшчы. Ведамства штогод зацвярджае спосаб рэалізацыі місіі і аб'ём фінансавання канала. Апошнім часам датацыя складае 17 млн. злотых. Два гады таму гэта было эквівалентна 5 млн. долараў, цяпер, праз павольную дэвальвацыю польскай валюты — 4 млн. долараў.

7. Як можна паўдзельнічаць у фінансаванні "Белсата"

Апошнімі днямі шмат кажуць пра краўдфандынгавую кампанію ў падтрымку "Белсата". У прыклад прыводзяць расійскі "Дождж" і ўкраінскае "Грамадскае". Але, у прынцыпе, ужо сёння ахвяраванні на працу канала можна перадаваць праз польскі фонд "Свабода і дэмакратыя" (Wolność i Demokracja). Гэты фонд з'яўляецца партнёрам "Белсата" па пошуку сродкаў з трэціх краінаў. Грошы вылучаюцца пад канкрэтныя праграмы, навучанне журналістаў, прамоцыю і г.д.

8. Колькі людзей глядзіць "Белсат"

Сярод беларусаў (і нават сярод журналістаў) нямала тых, хто лічыць, што "Белсат" не варты тых фінансаў, якія ў яго "ўліваюць". Галоўная прэтэнзія з боку такіх людзей фармулюецца пытаннем: "А хто яго глядзіць"? Адназначнага дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Паводле розных даследаванняў, аб'ём тыднёвай тэлеаўдыторыі канала — 3-4% ад насельніцтва Беларусі. 1,7% апытаных беларусаў адказалі, што глядзяць "Белсат" пастаянна. Ёсць і такія звесткі: перадачы "Белсата" глядзяць 53% уладальнікаў спадарожнікавых антэн у Беларусі. Усяго такіх людзей у Беларусі прыкладна 1,7 млн. Адпаведна, гаворка ідзе прыкладна пра 850 тысяч гледачоў.

Акрамя таго, "Белсат" мае 23 тысячы сяброў на беларускай старонцы ў Facebook, 20 тысяч падпісчыкаў на Youtube і блізу 300 тысяч заходаў за месяц на сайт www.belsat.eu.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі