Памежнікі: Шыбанаву даглядалі на беларускай мяжы гадзіну і яна з’ехала на таксі

Памежнікі: Шыбанаву даглядалі на беларускай мяжы гадзіну і яна з’ехала на таксі

На беларускай мяжы позна ўвечары 12 траўня з цягніка знялі Лілію Шыбанаву, заснавальніцу і былога выканаўчага дырэктара усерасійскай асацыяцыі “Голас”, якая займаецца наглядам на выбарах.

Шыбанава рухалася цягніком з Вільні ў Маскву. І адразу пасля перасячэння літоўска-беларускай мяжы ў раёне станцыі Гудагай памежнікі папрасілі яе прайсці на асабісты дагляд рэчаў. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook палітолаг Аляксандр Кынеў. “Дагаварыць яна не паспела — тэлефон выключыся, або яго выключылі. У цяперашні час ён не даступны”, — піша Кынеў.

Ён таксама адзначыў, што а 22:50 Шыбанава даслала яму смс наступнага зместу: “Мяне знялі з цягніка. Паведамі”.

 

Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка паведамляе Еўрарадыё, што Шыбанава сапраўды перасякала мяжу і яе высадзілі з цягніка для мытнага дагляду. Дагляд праходзіў каля гадзіны, пасля чаго а 23:30 Шыбанава з’ехала на таксі.

Тым часам, сустаршыня “Голаса” Рыгор Мельканьянц паведамляе, што да гэтага часу сувязі з праваабаронцай няма. “Тым, хто тэлефанаваў памежнікам, сказалі, што даўно ўжо яе адпусцілі. Але асабістага пацверджання ад яе няма”, — цытуе яго словы "Медуза".

У Расіі Лілія Шыбанава мусіла ўзяць удзел у пасяджэнні прэзідэнцкай Рады па правах чалавека. На сайце Рады гаворыцца, што арганізацыя звернецца да прэзідэнта РФ у сувязі з грубым парушэннем правоў Шыбанавай і “невытлумачальнымі дзеяннямі беларускіх уладаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі