Спецслужбы Польшчы апублікавалі сваю версію інцыдэнту з самалётам Ryanair
Пасадка самалёта Ryanair у Мінску ў траўні 2021 года была аперацыяй беларускіх спецслужбаў. Гэта сцвярджаецца ў версіі, якую апублікавалі спецслужбы Польшчы. Яе відэапрэзентацыю апублікаваў у сацсетках прэс-сакратар міністра — каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.
Паведамляецца, што 23 траўня ў дыспетчарскай у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" быў супрацоўнік КДБ, які і прыняў рашэнне пра пасадку самалёта.
Дыспетчарам у аэрапорце ў гэты дзень працаваў Алег Галегаў. Каля 9:00 універсальнага часу (12:00 па Мінску) у залу кантролю палётаў кіраўнік "Белаэранавігацыі" Леанід Чуро прывёў чалавека, якога ў Польшчы назвалі супрацоўнікам спецслужбаў. Пасля гэтага Чуро сышоў.
А мужчына сказаў дыспетчарам, што на борце самалёта Ryanair ёсць бомба і яго трэба пасадзіць у Мінску. Паводле польскіх спецслужбаў, былі прынятыя меры, каб размовы з рэйсам не маглі пачуць у іншых самалётах. Пры гэтым госць па тэлефоне размаўляў з чалавекам, якога называў Андрэй Анатольевіч.
У 9:30 універсальнага часу самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі.
У прэзентацыі даюцца фрагменты запісу перамоваў дыспетчара з экіпажам самалёта. Пілот цікавіцца узроўнем небяспекі. Пасля гэтага дыспетчар просіць яго заставацца на сувязі, а сам пытаецца па-руску ў мужчыны: "Ён кажа: код паведамлення — жоўты ці чырвоны". На гэта атрымлвіае адказ, што павінен назваць чырвоны код.
Польскі бок адзначае, што самалёт змяніў курс за дзве хвіліны да выхаду з паветранай прасторы Беларусі і пасля гэтага прадстаўнік спецслужбаў сышоў з залы кантролю палётаў.
Таксама польскія спецслужбы звяртаюць увагу, што паведамленне пра бомбу, нібыта накіраванае ад "Хамас", у аэрапортах Вільні, Афінаў, Сафіі, Бухарэста і Кіева атрымалі ў перыяд з 9:25 да 09:34 універсальнага часу, а ў аэрапорце Мінска — толькі ў 09:56 універсальнага часу. У мінскім аэрапорце самалёт сеў каля 10:00 універсальнага часу (13:00 па Мінску).
Таксама польскі бок звярнуў увагу, што пры пасадцы не выконваліся нормы бяспекі для самалётаў, якім пагражае выбух. Самалёт Ryanair пасадзілі каля тэрміналу з пабочнымі людзьмі, а пошук меркаванай выбухоўкі ў багажы адбываўся непасрэдна калі самалёта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.