Стала вядома, чаму Сабаленка так доўга падтрымлівала Лукашэнку — "ЧестнОК"
Арына Сабаленка / newspix.pl
Тэнісістка Арына Сабаленка доўга не адракалася ад падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, бо сваім часам ён вельмі ёй дапамог. Пра гэта ў свежым выпуску на YouTube-канале "ЧестнОК" расказаў Яраслаў Пісарэнка.
Па яго звестках, Сабаленка яшчэ да свайго спартовага ўзлёту, у маладым веку, падпісала нявыгадны кантракт з расійскім спартовым агентам. Імя агента трымаюць у таямніцы.
"Але ў кожным разе гэты чалавек не публічны, яго імя наўрад ці вам пра штосьці скажа. Дык вось, гэты агент першым разгледзеў талент Арыны і заключыў з ёй кантракт. Па ягоных умовах ён стаў спонсарам Сабаленкі. За яго кошт яна каталася на спаборніцтвы, ён аплачваў ёй пражыванне і гэтак далей. Але што гэта за кантракт, яна адчула крыху пазней, калі ў яе пачаліся самавітыя прызавыя, але яна іх па факце не бачыла", — кажа Пісарэнка.
Агент аплочваў тэнісістцы ўсе выдаткі, але забіраў ільвіную долю прызавых выплат. Прычым кантракт быў доўгатэрміновы. "Па факце перад ёй вісела перспектыва, што за свае лепшыя спартыўныя гады яна не заробіць практычна нічога", — канстатуе журналіст.
Прававым спосабам гэтую калізію Сабаленка вырашыць не магла, таму звярнулася да Лукашэнкі.
"Па маёй інфармацыі, пасярэднікам сустрэчы Лукашэнкі і Сабаленкі стаў Аляксандр Шакуцін. Чалавек, вельмі набліжаны да Лукашэнкі, яго называюць "кашальком Лукашэнкі". Таксама раней ён быў старшынёй фэдэрацыі тэніса Беларусі і, у прынцыпе, заўсёды быў вельмі блізкім да беларускага тэніса", — дзеліцца інсайдам Пісарэнка.
Выявілася, што спартовы агент Сабаленка быў заўважаны ў махінацыях (праўда, не ў выпадку з Сабаленка): у Расіі на яго пачалі справу за махлярства. Як кажа журналіст, агенту прапанавалі выбар — або скасаваць кантракт з Сабаленка, або адправіцца ў Расію, дзе яго чакае суд.
"І вось тут Сабаленка пазбавілася ад сваіх кайданоў, але набыла іншыя", — кажа Пісарэнка.
Як распавядала Еўрарадыё, 6 чэрвеня пасля выхаду ў паўфінал Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе Арына Сабаленка на прэс-канферэнцыі заявіла, што не падтрымлівае вайну і цяпер не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. У Беларускай федэрацыі тэніса гэтую заяву пакуль што ніяк не пракаментавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.