Статую гарадавога насупраць МУС упрыгожылі ЛГБТ-клумбай (фота)

Статую гарадавога насупраць МУС упрыгожылі ЛГБТ-клумбай (фота)

Акцыя ў падтрымку сэксуальных меншасцяў адбылася ў чацвер насупраць будынку МУС у Мінску. Яе зладзілі ўдзельнікі тэатральнай лабараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры. Яны ўсталявалі рознакаляровыя вазоны з кветкамі каля помніка гарадавому і рознакаляровымі фарбамі намалявалі на асфальце ланцужок слядоў у бок будынка МУС (як вядома, вясёлкавы сцяг з'яўляецца сімвалам ЛГБТ).

Удзельнікі акцыі заявілі, што яны заклікаюць Міністэрства ўнутраных спраў "пераступіць цераз забабоны і абараняць правы ЛГБТ грамадзян, якія не парушаюць закон і плацяць падаткі, дзякуючы якім Міністэрства і існуе".

Праз 20 хвілінаў пасля пачатку акцыі пікетоўцы былі затрыманыя. Разам з імі ў міліцэйскі бус трапіў фатограф аднаго з беларускіх медыя.

Міліцыянты доўга ўгаворвалі пікетоўцаў забраць кветкі з сабой, але тыя так і не пагадзіліся.

Як вядома, у траўні само Міністэрства ўнутраных спраў і яго кіраўнік Ігар Шуневіч выступілі з гамафобнымі заявамі. У тэксце МУС гомасэксуальныя сувязі называліся "падробкай". "Яны не пройдуць!" — канстатавала міліцэйскае ведамства. 

Пасля гэтага пачаліся разнастайныя акцыі ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Актывістка Віка Біран размясціла ў сацсетках фатаздымкі, дзе яна каля будынка МУС і іншых афіцыйных будынкаў трымала плакат "Самі вы падробка". У ЗША і Канадзе ўдзельнікі гей-прайдаў жорстка высмейвалі міністра Шуневіча. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі