"Стаю каля акна і баюся, што па яго прыйдуць": Ян Салановіч дома пасля 86 сутак

Ян Салановіч / spring96.org
Ян Салановіч / spring96.org

"Учора ўвечары патэлефанавалі маці, сказалі — сустракайце сына, — расказвае Еўрарадыё адвакат Дзмітрый Пігуль. — Фізічна ён на волі, але ні ў мяне, ні ў яго ніякага юрыдычнага дакумента, які пацвярджае, што ён вольны, няма".

25 студзеня адлічанага напярэдадні з БДУІР Яна Салановіча нечакана выпусцілі з мінскага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна. Хлопец стаў адным з сімвалаў беларускіх рэпрэсій: за ўдзел у пратэставых акцыях Яна асудзілі на 114 сутак арышту. Гэта антырэкорд нават для цяжкага 2020 года. Праваабаронцы прызналі яго вязнем сумлення.

“Стою возле окна и боюсь, что за ним придут”: Ян Солонович дома после 86 суток
Ян Салановіч / TUT.by

На якой падставе Яна адпусцілі, адвакат не ведае. Раней Дзмітрый падаваў у Мінскі гарадскі суд наглядныя скаргі аб адмене пастаноў па заключэнні падабароннага. Адказаў на іх ён пакуль не атрымаў.

"Я размаўляў з ім учора ўвечары, — працягвае адвакат. — Ян сказаў, што нарэшце памыўся. Гаворыць, за 86 сутак [менавіта столькі хлопец паспеў адседзець. — Еўрарадыё] быў у душы толькі адзін раз. На шпацыры не вадзілі, матрацы забралі, падсялялі вашывых. Я ведаў пра гэта раней, дапамагаў маці пісаць скаргу ў пракуратуру. У выніку ўмовы ў ізалятары толькі сталі больш жорсткімі. Ян — малайчына, трымаўся вельмі годна. Лічу, што работнікі КДБ страцілі каштоўнага кадра, вытрымкі яму не пазычаць нават у свае 20 гадоў".

Да затрымання Ян Салановіч сумяшчаў вучобу ў БДУІР з працай у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. Менавіта з гэтай акалічнасцю многія звязваюць тое, як сілавікі "ўзяліся" за хлопца, калі затрымалі на адным з пратэставых маршаў.

Адвакат называе Яна асаблівым падабаронным. На ягоную думку, заставацца хлопцу ў Беларусі небяспечна. Бо ніякіх дакументаў аб вызваленні няма, у любы момант яго могуць забраць зноў і прымусіць дасядзець суткі, якія засталіся.

"Ян — прызёр алімпіяд, нездарма ж яго ўзялі працаваць у КДБ. Таму чыста па-чалавечы я б рэкамендаваў яму працягнуць адукацыю ў Еўропе. У яго забароны на выезд быць не можа, таму што ён не праходзіць ні па адной крымінальнай справе. У аэрапорт — і за мяжу".

У сям'і хлопца да такіх рэкамендацый прыслухаліся, але...

"Не паверыце, я каторую гадзіну стаю каля акна і баюся, што па яго прыйдуць, — кажа мама хлопца Вольга. — Не ведаю, што рабіць. Як ён паляціць без ПЛР-тэста на каранавірус? Я не магу яго нават на тэст вывезці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі