Страты Беларусі ў 2019-м з-за падатковага манеўра ў РФ ацэненыя на $300 млн

Страты Беларусі ў 2019-м з-за падатковага манеўра ў РФ ацэненыя на $300 млн

Страты Беларусі ў 2019-м з-за падатковага манеўра ў нафтавай сферы ў РФ ацэненыя на 630 мільёнаў беларускіх рублёў (амаль $300 млн). Такую заяву ў Брэсце ў кулуарах пасяджэння ўраду саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі зрабіў міністр фінансаў нашай краіны Максім Ермаловіч. Паводле яго слоў, рэспубліканскі бюджэт на 2019 год сфармаваны па песімістычным сцэнары працы эканомікі, улічвае найгоршы вынік беларуска-расійскіх перамоваў.

Падатковы манеўр у РФ прадугледжвае ў 2019-2024 гадах паэтапнае змяншэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, але з-за яго даражэе расійская нафта для нашай краіны. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант нядаўна заявіла, што толькі за тры апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў долараў, а за бліжэйшыя чатыры гады можа страціць ад расійскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне да 11 мільярдаў долараў (пры найгоршым развіцці падзеяў). Агульныя страты да 2024 года Ермаловіч ацаніў на суму ад 8 да 12 мільярдаў долараў.

Нядаўна віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка і пасол Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка спрабавалі абмеркаваць гэтую праблему з расійскім віцэ-прэм'ерам Дзмітрыем Козакам, але ён адмовіўся. Па словах Козака, нічога не зменіцца "да прыняцця прынцыповых рашэнняў у руху ў накірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі