Сяргей Жбанаў: Мне падабаецца “кампанія “Гавары праўду” Мясніковіча!
Эканамічны аглядальнік Белгазеты Сяргей Жбанаў каментуе закіды прэм’ера Мясніковіча да незалежных экспертаў.
Аўдыёверсія размовы тут:120215 Zbanau_site.mp3
Еўрарадыё: Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч даручыў Мінфіну больш актыўна ўдзельнічаць у павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва, бо “эканамічныя аглядальнікі праз сродкі масавай інфармацыі ўводзяць насельніцтва ў зман, нібыта ў краіне непразрысты бюджэт, існуюць антысацыяльныя выдаткі і няма крыніцаў для росту заробкаў”. Што б Вы адказалі Міхаілу Мясніковічу?
Сяргей Жбанаў: Мне вельмі імпануе гэты пачын прэм’ер-міністра даводзіць да людзей праўду, падымаць фінансавую адукаванасць, у прыватнасці пра фондавы, страхавы рынак. Нам насамрэч вельмі не хапала найперш гэтай самай праўды ў мінулым годзе, калі выбухнуў валютны крызіс, я не ведаю, як яны гэта кваліфікавалі. Бо ў мінулым годзе мы пастаянна чулі толькі новыя даты, тэрміны, калі ўсё гэта скончыцца, хаця аглядальнікі пісалі пра тое, як праблемы можна проста і лёгка вырашыць з дапамогай элементарных метадаў рынкавага рэгулявання. Дарэчы, Нацбанк потым пацвердзіў, што ніякіх дадатковых рэсурсаў краіне і не спатрэбілася, наадварот, Нацбанк толькі скупляў валюту. Відаць нейкія іншыя, незразумелыя тады прычыны прывялі да таго, што ўрад паўгады не мог урэгуляваць валютны рынак.
Акрамя таго мяне вельмі задавальняе гэтая “Кампанія “Гавары праўду!” ў дачыненні да фондавага рынка, таму што сам прэм’ер адразу паказаў прыклад як трэба гэта рабіць – сёння ж ён сказаў, што гэты важны інстытут да гэтай пары не мае твару і знаходзіцца ў зачаткавым стане. А на мінулым тыдні ён нам распавядаў пра тое, што эканоміка сельскай гаспадаркі не вытрымлівае аніякай крытыкі, і пра тое, што 381 тысяча галоваў буйной рагатай жывёлы выпала са статку. Я абедзьвюма рукамі галасую за такую праўду.
Ёсць адзіны момант у адносінах фінансавай граматнасці: калі б насельніцтва ў большасці сваёй было вельмі адукаваным фінансава, то ў мінулым годзе 90 адсоткаў не трымала б да апошняй хвіліны свае сродкі ў рублях. І тады страты нашай банкаўскай сістэмы ад гэтай адукаванасці былі б шматкротна большыя і лёгкім перапалохам усё не скончылася б.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, якім спосабам можа быць арганізаванае такое інфармаванне, калі журналісты і аглядальнікі прэм’ер-міністру не патрэбныя? Будуць спецыяльныя агенты хадзіць па прадпрыемствах і інфармаваць пра тое, што адбываецца ў краіне?
Сяргей Жбанаў: Я насамрэч прыхільнік таго, каб нас інфармавалі, а не прапагандавалі. Любое павышэнне ўзроўню ведаў заўсёды добра. І я веру, што ёсць дастатковая колькасць кваліфікаваных спецыялістаў. А пачаць можна з простага – усе дадзеныя даводзіць да насельніцтва. Напрыклад, раней публікавалі ў экспрэс-выглядзе дынаміку паміж тэмпамі прадукцыйнасці працы і сярэднім заробкам. А зараз, нягледзячы на вельмі вострую важнасць гэтых суадносінаў, мы чамусьці перасталі бачыць дадзеныя Белстату. Мы бачым толькі тэмп росту ВУП і рост намінальнага заробку. І можам сядзець і здагадвацца пра тое, а якія ж суадносіны прадукцыйнасці і сярэдняга заробку, бо скажам у снежні ВУП вырас у лепшым выпадку на 5,3 адсоткі, а сярэдні заробак у намінале на 18 адсоткаў. Мяне гэта нават непакоіць, хацелася б, каб патлумачылі і давялі праўду.